Каб абысці санкцыі, «МАЗ» і «БелАЗ» выйшлі з ліку заснавальнікаў украінскіх «дачок»

Беларускія машынабудаўнічыя кампаніі выйшлі з ліку заснавальнікаў сваіх украінскіх «дачок», каб абысці санкцыі, паведамляе «Еўрарадыё».

Мінскі аўтамабільны завод / cis.minsk.by

Мінскі аўтамабільны завод / cis.minsk.by


Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ) выйшаў са складу заснавальнікаў і бенефіцыяраў украінскай кампаніі «Гандлёвы дом "МАЗ-Україна"», зарэгістраванай 19 траўня 2010 года ў Кіеве.
Замест МАЗа ў лік заснавальнікаў увайшлі Мінскі завод аўтаматычных ліній (99% акцый) і жодзінскі Кавальскі завод цяжкіх штамповак (1% акцый). Жодзінскі завод разам з МАЗам уваходзіць у холдынг «БЕЛАЎТАМАЗ». Канчатковым бенефіцыярным уласнікам украінскай кампаніі цяпер лічыцца Дзяржкамітэт Беларусі па маёмасці: менавіта ён з'яўляецца ўласнікам акцый двух згаданых заводаў.
«БелАЗ» пастаўляе сваю тэхніку ва Украіну пераважна праз украінскую кампанію «Промагролізинг-Україна». Гэта ўкраінская дачка беларускага «Прамагралізінга», чыім асноўным акцыянерам з'яўляецца Банк развіцця Рэспублікі Беларусь.
У ліпені «БелАЗ» выйшаў са складу заснавальнікаў і бенефіцыяраў найбуйнейшага ва Украіне сэрвіснага цэнтра «БЕЛАЗ УКРАІНА». Гэты цэнтр займаецца сэрвісным абслугоўваннем і мае права прадаваць тэхніку Беларускага аўтамабільнага завода.
Яго месца ў ліку заснавальнікаў заняла кіруючая кампанія холдынга «Лідсельмаш», якая атрымала 100% акцый. Бенефіцыярам стала Міністэрства прамысловасці Беларусі, якому належаць акцыі «Лідсельмаша».
Ва ўласнасць «Лідсельмаша» перайшлі і акцыі кампаніі «ВОСТОК-БЕЛАЗ-СЕРВІС», якая займаецца продажам запчастак і рамонтам тэхнікі.