Калі Мінск будзе ўпартым, цану на газ Масква знізіць

Цану газу для еўрапейскіх спажыўцоў "Газпрам" апошнім часам пастаянна зніжае, а для Беларусі — не. Калі раней мы радаваліся, што плацім удвая, а тое і ўтрая менш за нашых заходніх суседзяў, то цяпер розніца не ўражвае: мы набываем газ па 136 долараў за тысячу кубічных метраў, яны — прыкладна за 160 долараў. І зніжаць цану для «братняй Беларусі» расіяне не жадаюць. Чаму?

Фота: www.aif.ru

Фота: www.aif.ru


Цана газу для еўрапейскіх спажыўцоў вылічваецца па формуле, у якой усё прывязана да цаны нафты. Нафта ўжо колькі часу таннее, адпаведна, цана газу зніжаецца. А ў кантракце Беларусі з "Газпрамам" формула цэнаўтварэння адарваная ад цаны на нафту і прывязаная да кошту газу для спажыўцоў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі Расіі.

“Гэтая лічба, плюс транспартныя выдаткі, плюс яшчэ зніжка на інфляцыю крыху падвышае цану газу для Беларусі”, — тлумачыць беларускі эксперт Таццяна Манёнак.

Шляхам падлікаў, плюсаванняў і перамоў кіраўніцтва "Газпрама" і беларускага ўраду ў 2015 годзе цану расійскага газу для нашай краіны на 2016 год і вызначылі. Паводле кантракту мы плацім 136 долараў за тысячу кубаметраў. Ну, нібыта плацім.

Сітуацыю, калі цана на газ для еўрапейцаў змяншаецца, а для беларусаў — не, мы лічым несправядлівай.

“Не зусім зразумела, чаму Расія за апошнія паўгода двойчы дала 15% зніжкі на газ Арменіі,— кажа Таццяна Манёнак. — Цэнаўтварэнне для Арменіі таксама завязанае на цэнаўтварэнне ў Расійскай Федэрацыі”.

І гэта не ўсё. Памятаеце, што формула, па якой вылічваецца цана газу для Беларусі, “прывязаная да цаны газу для спажыўцоў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі Расіі”? Там што, газ таксама прадаюць па 136 долараў?

"Цана на газ для расійскіх рэгіёнаў значна ніжэйшая: для прамысловых спажыўцоў у Ленінградскай вобласці газ каштуе прыблізна 62-67 долараў", — тлумачыць Еўрарадыё расійскі эканаміст Міхаіл Круціхін.

Нават калі заплаціць за дастаўку газу (2500 кіламетраў да Беларусі), усё адно 136 долараў за тысячу “кубоў” не атрымліваецца, вырашылі ў Мінску і пачалі плаціць "Газпраму" іншую суму. Якую дакладна — невядома. Адны кажуць пра 73 долары за тысячу кубоў, іншыя — пра 80. Але факт застаецца фактам: за час такой аплаты “па сваім” курсе "Газпрам" налічыў Беларусі запазычанасці на 200 мільёнаў долараў.

“Там лічба каля 200 мільёнаў неразліку за газ. Дакладней, разліку па адвольнай цане, якая не адпавядае кантракту — так бы я сказаў”, — канстатуе пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

"Газпрам" патрабуе кампенсаваць запазычанасць, Мінск адказвае ў стылі “грошай няма, але вы трымайцеся там”. І патрабуе перагляду кантракту. Расійскі дыпламат дыпламатычна ўказвае, што гэта нібыта няправільна.

“Патрэбныя лагічныя падыходы і выйсце са спрэчнай сітуацыі на падставе лагічных дзеянняў з улікам таго, што кантракт ёсць кантракт. Ён дзейнічае да 1 студзеня 2017 года, і трэба падумаць, як яго лагічна змяніць да канца года”.



Дык што, да канца года кантракт узяць і змяніць нельга?



Міхаіл Круціхін: “У кожным кантракце "Газпрама" ёсць артыкул, які дазваляе аднаму з бакоў, незадаволенаму ўмовамі, ставіць пытанне аб пераглядзе кантракту”.

Умовы нас не задавальняюць, кантракт змены дазваляе — чаму тады перамовы па змяншэнні цаны на газ для Беларусі буксуюць?

“Усё ўпіраецца ў жаданне "Газпрама" атрымліваць больш грошай. Вы паглядзіце: за апошнія 3 гады "Газпрам" у 66 выпадках перамоў з кліентамі ў Еўропе перагледзеў умовы кантрактаў з імі. На іх карысць. І нават выплаціў ім тое, што яны пераплацілі за расійскі газ. Частка такіх пераглядаў і выплат была па выніку “сяброўскіх пагадненняў”, частка — па арбітражных рашэннях”.

Іншая рэч, што Мінск, незадаволены цаной на расійскі газ, мог вылічыць, колькі ён гатовы плаціць, і звярнуцца ў "Газпрам" з прапановай аб ўнясенні гэтай цаны ў кантракт. А калі цягам 3 месяцаў не атрымаў згоды — мусіў звяртацца ў Арбітражны суд. Гэта калі дзейнічаць па законе. Вось толькі падрыхтоўчыя працы па справах такога ўзроўню займаюць да 6 месяцаў. І што, мы ўсе гэтыя месяцы, а тое і больш, будзем плаціць завышаную цану, вырашылі ў Мінску і проста пачалі плаціць "Газпраму" столькі, колькі палічылі справядлівым. На 200 мільёнаў долараў менш, чым былі павінныя.

Чым гэта можа скончыцца? Міхаіл Круціхін прыгадвае гісторыю з кітайцамі.

“Кітайцы сказалі: “Мы тут усё пералічылі для "Раснафты" і зараз будзем вам менш плаціць, бо па нашых падліках нафта павінная менш каштаваць”. І давялося кітайцаў задаволіць. Калі беларускія ўлады па тым жа шляху пойдуць, давядзецца і іх жаданне ўлічваць”.

А быць упартым афіцыйны Мінск пры жаданні ўмее.


euroradio.fm