КДК аштрафаваў «Лідскае піва» на дзясяткі мільёнаў рублёў. Што цяпер?
Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў "Лідскае піва". Фінскі ўладальнік беларускага прадпрыемства трапіў у пастку: і прадаць свае актывы ў Беларусі не можа, і працаваць з-за штрафу ў 12 мільёнаў еўра таксама робіцца амаль немагчыма, піша Myfin.
Фінскі Olvi, які займаецца вытворчасцю напояў, цяпер у сувязі з накладаннем буйнога штрафу вымушаны пераглядаць прагнозныя паказчыкі для ўсяго холдынгу — лічбы былі апублікаваныя яшчэ ў пачатку лютага.
Як паведаміла прэс-служба канцэрна Olvi, яго беларускае даччынае прадпрыемства «Лідскае піва» было аштрафаванае Камітэтам дзяржаўнага кантролю па выніках праведзенай праверкі.
Прычыны накладання спагнання не называюцца, аднак яго сума склала 35,8 мільёна беларускіх рублёў (12 млн еўра). "Лідскае піва" вырашыла абскардзіць штраф у судзе – паводле ацэнак Olvi, разгляд можа расцягнуцца на некалькі месяцаў.
З-за сітуацыі, якая склалася, холдынг Olvi вымушаны быў прызнаць апублікаваны 10 лютага фінансавы прагноз несапраўдным, а таксама адмовіцца ад публікацыі новага.
Нагадаем, Olvi яшчэ ў канцы лета 2022 года заяўляў пра тое, што да верасня 2023 года плануе пазбавіцца ад свайго беларускага актыву, які раней забяспечваў да траціны сукупных продажаў канцэрна.
Аднак у лістападзе сітуацыя змянілася: фінская кампанія паведаміла, што не зможа прадаць «Лідскае піва» ў найбліжэйшы год праз уведзеную беларускімі ўладамі забарону інвестарам з «недружалюбных» краін адчужаць свой бізнес у Беларусі.
Паводле ранейшай статыстыкі да 2022 года, «Лідскае піва» забяспечвала каля 32% агульнага аб'ёму продажаў групы «Olvi».
Завод у Лідзе існуе з 1876 года. Паводле даных Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг «Olvi plc» валодае «Лідскім півам» з 2008 года. Кампаніі належыць 96,4% акцый. Таксама фіны маюць свае актывы ў Эстоніі, Латвіі і Літве.