Колькі хочуць зарабіць улады на платных дарогах

У Беларусі плануюць адмяніць збор за праезд па дарогах агульнага карыстання, які плацілі ўладальнікі замежных грузавікоў і аўтобусаў у пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу, і павялічыць тарыфы за карыстанне платнымі дарогамі.

belltoll.jpg

Паступленні ад гэтага збору нязначныя – у 2018 годзе яны складуць прыкладна 9 мільёнаў рублёў, патлумачыла такое рашэнне намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.
Узамен скарочанага збору прапануецца павысіць кошт праезду па платных дарогах у сістэме BelToll. У гэтым годзе ўлады хочуць зарабіць на платных дарогах 196,7 мільёнаў рублёў.
У 2017 годзе збор за праезд аўтамабільных транспартных сродкаў замежных дзяржаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Беларусі склаў 16,5 мільёнаў рублёў. У гэтым – крыху больш за 9 мільёнаў. Але нават гэтую суму прыйдзецца неяк кампенсаваць, папоўніўшы дарожны фонд іншымі даходамі альбо павялічыўшы субвенцыі з бюджэту.
Дарогі пастаянна зношваюцца і патрабуюць рэгулярнага сэрвісу па падтрыманню іх стану. Калі сыходзіць артыкул аб аплаце замежнікамі збору, які, па ідэі, ішоў на абслугоўванне дарог, то нейкім чынам зніжэнне даходаў належыць кампенсаваць. Адпаведна адбудзецца змена фінансавых патокаў, разважае дырэктар кампаніі ЭТС Кансалт Павел Астапеня.
– Відавочна, што гэтая частка павінна легчы на ​​плечы аўтамабілістаў. Ва ўсім свеце абслугоўванне дарог закладзена ў тым ліку ў кошт паліва, – кажа ён.
Калі павышаныя тарыфы за карыстанне платнымі дарогамі ня перакрыюць адменены збор, то гэтыя выдаткі лягуць на бюджэт, а значыць, на плечы ўсіх падаткаплацельшчыкаў.
У патэнцыйным росце кошту платных дарог суразмоўца Заўтра тваёй краіны не бачыць вялікіх праблем. Краіны на розных умовах прадастаўляюць паслугі камфартабельных дарог. Адзін з найбольш распаўсюджаных прыкладаў, калі за іх плацяць усе, хто імі карыстаецца.
– Гэта нармальная практыка аплаты за паслугу – табе праадстаўляюць дарогу годнай якасці, а ты, будзь добры, заплаці за тое, што па ёй ездзіш, – адзначае эксперт.
Плюсы ад гэтага відавочныя, аўтамабілісты атрымліваюць сэрвіс больш высокай якасці, які выяўляецца ў большай хуткасці паведамлення, скарачэнні часу на рух.
Але, як правіла, краіны прапануюць альтэрнатыву для тых, хто не хоча ці не можа сабе дазволіць плаціць за аўтабан, – аб’язныя шляхі не гэткай высокай якасці. І тады ў кіроўцаў ёсць права выбару.
– Каб сказаць дакладна, выгадна пакідаць аўтамабільны збор для замежных грамадзян або адмовіцца ад яго, трэба сабраць і прааналізаваць усю інфармацыю за мінулыя гады. Але калі такі крок прымаюць, напэўна, дзяржаўныя спецыялісты ўжо палічылі, што так будзе выгадней, – кажа Павел Астапеня.
Сярод непрамых выгод такога рашэння можна назваць паменшаную колькасць перашкодаў для турыстаў, якія прыязджаюць вялікімі групамі, а значыць, рост прывабнасці краіны для падарожнікаў. А таксама магчымы рост транзітных маршрутаў грузаперавозак.