«Масква не ў захапленні». Кітай пабудуе чыгунку ў ЕС у абыход РФ і Беларусі
Дзве былых савецкіх рэспублікі ў Цэнтральнай Азіі — Кыргызстан і Узбекістан — дамовіліся з Кітаем аб будаўніцтве чыгункі ў Еўропу, якая пойдзе ў абыход Расіі і Беларусі.
Пагадненне па праекце, які Пекін, Бішкек і Ташкент абмяркоўвалі на працягу 27 гадоў, бакі падпісалі 6 чэрвеня ў Пекіне, а будаўніцтва павінна пачацца ў кастрычніку. Чыгуначная магістраль працягласцю 450-500 км стане часткай глабальнай ініцыятывы Кітая «Адзін пояс — адзін шлях», піша moscowtimes.ru.
«Эксперты адзначаюць, што гадавы аб'ём грузаперавозак дасягне 15 млн тон, а тэрмін дастаўкі тавараў канчатковым спажыўцам скароціцца на 7 дзён. Акрамя таго, будзе створаная сучасная транзітна-лагістычная інфраструктура, склады і тэрміналы», — заявіў прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.
Дарога будзе праходзіць ад Кашгара ў Сіньцзян-Уйгурскай аўтаномнай акрузе Кітая праз Торугарт, Макмал і Джалал-Абад у Кыргызстане да Андыжана ва Узбекістане. Далей магістраль злучыцца з дарогамі іншых краін Цэнтральнай Азіі, адкуль грузы пойдуць у Каспійскае мора, у Турцыю і да Еўропы.
У парламенце Кыргызстана, па тэрыторыі якога пройдзе асноўная частка маршруту, 19 чэрвеня ратыфікавалі пагадненне з Кітаем і Узбекістанам аб будаўніцтве дарогі. Для пракладкі кыргызскага ўчастка магістралі паміж краінамі будзе створаная сумесная праектная кампанія (СВК). Кітаю ў ёй будзе належаць 51%, а Кыргызстану і Узбекістану дастанецца па 24,5%.
Пры гэтым Кыргызстан заключыць асобнае інвестыцыйнае пагадненне з СВК, якая пабудуе дарогу і будзе яе эксплуатаваць, пакуль не верне ўкладанні. Пра тое, на працягу якога часу СВК будзе выкарыстоўваць чыгунку Кітай — Кыргызстан — Узбекістан, афіцыйна не паведамляецца. Непасрэдна будаўніцтвам зоймецца China Railway International. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 8 млрд долараў.
Варта адзначыць, што чыгунка злучае Кітай і краіны Цэнтральнай Азіі, а таксама адкрывае шлях новым транспартным маршрутам у Еўропу і краіны Персідскага заліва. «Гэта, несумненна, акажа станоўчы ўплыў на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі», — падкрэсліў прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў. Ён ацаніў патэнцыйны даход рэспублікі ад працы чыгункі ў 200 млн долараў у год.
Да гэтага часу грузы з Кітая ў Еўропу ішлі па чыгунцы праз Казахстан, Расію і Беларусь. Аднак з пачатку вайны ва Украіне некаторыя кампаніі перасталі выкарыстоўваць расійскую тэрыторыю для транзіту, адзначаў вашынгтонскі аналітычны цэнтр Jamestown Foundation.
«Для Кітая важны іншы шлях выхаду на Захад і Усход, акрамя Расіі. Маршрут праз Расію больш небяспечны. Дарога ў Еўропу можа быць раптам зачыненая, як і раней. Таму для Кітая вельмі важна асвойваць новы шлях», — кажа эксперт па Цэнтральнай Азіі Давід Канкарыні.
Расія «не ў захапленні» ад гэтага праекта, але яна не
можа адкрыта выступіць супраць яго, адзначае дырэктар аналітычнага цэнтра
Central Asia Due Diligence ў Лондане Алішэр Ільхамаў. «У
адваротным выпадку яна пойдзе на канфлікт з Кітаем. Зараз жа Кітай з'яўляецца
саюзнікам, якія абараняюць Расію. Таму ў Маскве няма асаблівага энтузіязму», — сказаў
на заканчэнне Ільхамаў.