МАЗ сарваў пастаўкі аўтобусаў у Кіеў. Гарадскія ўлады праз суд дамагаюцца кампенсацыі

Камунальнае прадпрыемства «Київпастранс» звярнулася ў Гаспадарчы суд Кіева з пазовам супраць пастаўшчыка беларускіх аўтобусаў «Мінскага аўтамабільнага завода» за зрыў тэрмінаў пастаўкі транспарту.

a9bab5aa_c732_444e_a340_abf37eba853b_w1023_r1_s.jpg


У кастрычніку 2020 года Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя паведаміла пра набыццё ў лізінг 200 аўтобусаў «МАЗ». Паводле лізінгавага дагавора, усе аўтобусы Кіеў мусіў атрымаць да канца 2020 года, але гэтыя тэрміны былі сарваныя беларускім вытворцам. Як паведамілі «Свабодзе» ў адказ на афіцыйны запыт, да канца года Кіеў атрымаў толькі 147 аўтобусаў, а астатнія 53 паставілі ў пачатку 2021 года.

Пастаўку транспарту ажыццяўляла зарэгістраваная ў Кіеве аўтамабільная кампанія «Укравтоторг», бенефіцыярнай уласніцай якой з’яўляецца грамадзянка Кіпра. Цяпер менавіта гэтая кампанія мусіць сплаціць штрафныя санкцыі, выстаўленыя кіеўскімі ўладамі за зрыў тэрмінаў выканання дагавора.

«За несвоечасовую пастаўку 53 аўтобусаў прадпрыемства “Київпастранс” налічыла штрафныя санкцыі ў памеры 14 мільёнаў 305 тысяч 976 грыўняў (больш як паўмільёна долараў у эквіваленце. — РС)», — адзначыў выканаўца абавязкаў намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства «Київпастранс» Паўло Кірылюк.

Цяпер гэтую справу разглядае Гаспадарчы суд Кіева. Наступнае пасяджэнне прызначана на 22 верасня.

У той жа час на прадпрыемстве «Київпастранс» адмовіліся адказваць на пытанне, ці выконвае беларускі бок абавязкі паводле дамовы фінансавага лізінгу аб кампенсацыі адсоткаў за крэдыт, выдаткаваны ўкраінскім «Укргазбанкам» на набыццё аўтобусаў «Мінскага аўтамабільнага завода».

У сярэдзіне жніўня стала вядома, што Міністэрства фінансаў Беларусі не пералічыла 1 988 703 грыўняў (звыш 70 тысяч долараў у эквіваленце) кампенсацыі «Крамянчугскаму аўтатранспартнаму прадпрыемству» за набыццё 10 аўтобусаў «МАЗ» на ўмовах фінансавага лізінгу праз «Укргазбанк». У выніку банк вымушаны быў рэструктурызаваць даўгі ў абслугоўванні крэдыту, а гарадскія ўлады ажыццяўляць гэтыя выплаты з мясцовага бюджэту.