Міністэрства фінансаў пазычыла ў беларусаў 650 мільёнаў долараў

Агулам Беларусь у 2019 годзе павінна накіраваць на выплаты па дзярждоўгу больш за 8,7 млрд рублёў.  У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца, піша «Свабода».

0f97ae63_a4ab_4ffa_ada4_aa07c553b798_w1023_r1_s.jpg

У студзені-ліпені 2019 года Міністэрства фінансаў Беларусі размясціла на ўнутраным рынку дзяржаўныя аблігацыі на суму каля 650 млн долараў у эквіваленце: 449,7 млн доларавых аблігацый і 179 млн — аблігацый у еўра.

Такія звесткі сведчаць пра тое, што Мінфін працягвае пазычаць замежную валюту на ўнутраным рынку, піша БелаПАН.

Бюджэт на 2019 год прадугледжваў, што ў бягучым годзе ўлады пазычаць на ўнутраным рынку 370 млн долараў. Аднак у канцы чэрвеня міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч сказаў у размове з журналістамі, што дзяржава пазычае ў гэтым годзе на ўнутраным рынку больш, чым планавала.

Беларускія ўлады пачалі актыўна пазычаць валюту на ўнутраным рынку на фоне рашэння Расіі прыпыніць выдачу дадатковых крэдытаў Беларусі. Паводле Ермаловіча, расійскі бок гатовы разглядаць пытанне выдзялення Беларусі крэдыту на 630 мільёнаў долараў пасля таго, як будуць урэгуляваныя інтэграцыйныя пытанні.

​Каб замясціць расійскія рэсурсы, Беларусь мае намер прыцягнуць да канца 2019 году 500 млн долараў у Банку развіцця Кітаю.

Новыя пазыкі Беларусь прыцягвае для частковага рэфінансавання плацяжоў па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу. Агулам Беларусь у 2019 годзе павінна накіраваць на выплаты па дзярждоўгу больш за 8,7 млрд рублёў (з іх 5,8 млрд — на замежную запазычанасць, 2,9 млрд — на ўнутраны дзярждоўг). На 1 ліпеня дзяржаўны доўг Беларусі склаў 43,1 млрд рублёў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзентацыі Міністэрства фінансаў, прадстаўленай у ліпені расійскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Беларусь павінна накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд долараў, у 2020-м — 3,5 млрд, у 2021-м — 3,3 млрд, у 2022-м — 3,4 млрд, у 2023-м — 3,8 млрд, у 2024 годзе — 2,7 млрд долараў.

www.svaboda.org