Вадзім Саранчукоў: У Расіі казаў «Не бойцеся», але сам быў здзіўлены

Намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў выступіў на акцыі пратэсту ў расійскім Санкт-Пецербургу 3 жніўня з прамовай і прыгадаў словы папы Яна Паўла II: «Не бойцеся!», якія той адрасаваў паняволеным народам.



68245756_102057_2.jpg

Вадзім Саранчукоў распавёў у каментары Радыё Рацыя:

— Мой выступ перш за ўсё быў скіраваны на тое, што так, мы вельмі падобныя, але мы розныя краіны, і ў сваім выступе я праводзіў паралелі, што, на жаль, мы можам адсочваць кальку пераносу падзеяў, што адбываліся ў Беларусі, калі на нас апрабоўвалі пэўныя сцэнары. І зараз гэта пераносіцца на Расію. Абсалютна ідэнтычныя сітуацыя з загінулымі палітыкамі. Абсалютна ідэнтычная сітуацыя з тысячамі затрыманых людзей. Абсалютна ідэнтычная сітуацыя з арганізацыяй выбараў, калі апазіцыйных кандыдатаў не дапускаюць, калі камісіі непадкантрольныя.

Вадзім Саранчукоў быў шакаваны тым, як працавалі расійскія “сілавікі”.

— Уражаны колькасцю супрацоўнікаў унутраных органаў, колькасцю спецтэхнікі, якая была сагнаная на нібыта дазволены мітынг. Калі проста перад вачыма перад пачаткам мерапрыемства ўсталёўваюць стацыянальныя вадамёты, падключаюцца да сістэмы водазабеспячэння горада.

Гэта была відавочная акцыя запужвання, каб не дапусціць збору вялікай колькасці людзей. Звычайны чалавек, калі бачыць такія падрыхтоўкі, бачыць тысячы міліцыянтаў, тысячы амапаўцаў, калі расцягваюць калючы дрот, падганяюць вадамёты, падганяюць нейкі камаз для разбівання натоўпу, ён абсалютна натуральна пачынае баяцца.

Палітык на мітынгу завяршыў прамову словамі: «Жыве Беларусь!» і «Расія будзе вольнай!», аднак, на яго думку, пратэсты ў Расіі скончацца вельмі хутка сілавымі падаўленнямі.

Беларускае Радыё Рацыя