Мінск перагледзеў фінансаванне на год. На дзіцячыя сады і школы — у два разы менш грошай

Пераглядаць на працягу года бюджэт — звычайная практыка. У канцы кожнага года, на год будучы, улады плануюць вылучыць нейкі аб'ём сродкаў на тыя ці іншыя важныя сацыяльныя праекты: будаўніцтва дамоў, дзіцячых садкоў, дарог і г.д. Але з часам можа нешта змяніцца, і планы па фінансаванні пераглядаюць.

Фота: utmagazine.ru

Фота: utmagazine.ru


Так, у снежні 2015 года Менскі гарадскі савет дэпутатаў зацвердзіў інвестыцыйную праграму на 2016-ы год. А ў канцы чэрвеня гэтага года сталічныя дэпутаты ўнеслі ў яе змены — адпаведны дакумент нядаўна быў апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Акрамя таго, што аб'ём сродкаў, якія выдзяляюцца на тыя ці іншыя праекты, змянілі (у асноўным паменшылі), яшчэ і перавялі ўсе лічбы з улікам дэнамінацыі — адкінулі ад старых сум чатыры нуліка. Такім чынам, што памянялі мінскія дэпутаты ў плане аб фінансаванні на 2016-ы год? Усе лічбы прыведзены ўжо з улікам дэнамінацыі.

Агульны аб'ём фінансавання


Планавалася вылучыць 1,087 млрд. рублёў, а па факце выдзеляць 890,2 млн. рублёў. З гарадскога бюджэту пры гэтым вылучаць 675,029 млн. рублёў, хоць раней планавалі вылучыць 930,3 млн.

Будаўніцтва жылля і аб'ектаў у сферы ЖКГ


Планавалі накіраваць інвестыцый у памеры 289,8 млн. рублёў. Паменшылі іх да 207,2 млн. Г.зн. зрэзалі інвестыцыі на 40%. Дарэчы, у сакавіку дэпутаты ўжо пераглядалі аб'ёмы інвестыцый. Атрымліваецца, што ў параўнанні з першапачатковымі планамі народных абраннікаў сума паменшылася амаль на 50% (першапачаткова ў планах было 303,276 млн. рублёў).

Ахова здароўя


З мінскага бюджэту ў гэтым годзе на будаўніцтва новых будынкаў арганізацый аховы здароўя ў раёнах Каменная Горка і Дружба, на рэканструкцыю карпусоў Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, дзіцячай гарадской інфекцыйнай бальніцы, 4-й, 5-й, 6-й і 9-й бальніц планавалі ў працягу года выдаткаваць 145,8 млн. рублёў. Фінансаванне скарацілі да 135,3 млн.

Будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ


На будаўніцтва дзіцячых садоў і школ у раёнах Каменная Горка, Дружба, Лябяжы і Масюкоўшчына ў гэтым годзе патрацяць 43,3 млн. рублёў. Гэта амаль удвая менш, чым планавалася (81 млн. рублёў). А бо ў самым пачатку планы сталічных дэпутатаў былі яшчэ больш амбіцыйныя — закладвалі суму фінансавання ў 83 млн.

Рэканструкцыя стадыёнаў


На рэканструкцыю стадыёнаў «Дынама» і «Трактар» выдаткуюць 46,6 млн. рублёў. Хоць у планах значылася куды большая сума — 78,5 млн. Гэта ўжо другое істотнае скарачэнне выдзеленых сродкаў за год. У першапачатковай версіі праграмы на гэтыя стадыёны планавалі выдаткаваць 91,35 млн. рублёў.

Культура


У праграме інвестыцый значыцца пункт, па якім ў 2016 годзе годзе павінны рэканструяваць будынкі ўстаноў культуры і гістарычнага цэнтра Мінска. Гэты пункт таксама ўжо не ў першы раз трывае змены. У канцы 2015 года дэпутаты вырашылі, што выдаткаваць на гэта ўсё трэба крыху больш за 9 млн. рублёў. Потым знізілі планку да 7,8 млн. Апошняе змяненне — па выніках года выдаткаваць 6,272 млн. рублёў.

Сацабарона


У канцы мінулага год дэпутаты вырашылі, што на рэканструкцыю Псіханеўралагічнага інтэрната №1 у Астрашыцкім гарадку і былога санаторыя-прафілакторыя «Світанак» трэба вылучыць 6,7 млн. рублёў. У сакавіку гэтую суму павялічылі да 7,37 млн, а ў чэрвені — да 8,15 млн. Дарэчы, гэта адзіны пункт, на які дэпутаты павялічылі фінансаванне.

Судовая ўлада і праваахоўнікі


На нацыянальную абарону мінскія дэпутаты планавалі вылучыць 200 тысяч дэнамінаваных рублёў. Але ў апошняй папраўцы да праграмы ад гэтага пункта вырашылі адмовіцца зусім. На аб'екты агульнадзяржаўнай дзейнасці выдаткуюць 16,611 млн. рублёў (раней было 23,3 млн.), а на аб'екты судовай улады, праваахоўнай дзейнасці і забеспячэння бяспекі — 4,527 млн. (замест ранейшых 11,89 млн).


Метрапалітэн


Планавалі вылучыць фінансаванне ў памеры 226,83 млн. рублёў. Планы перагледзелі, і сума паменшылася да 217,343 млн.

Сельская гаспадарка


У планах на 2016 год - пабудаваць два свінагадоўчых комплекса. І замест 34,5 млн. сталічныя дэпутаты вырашылі, што дастаткова будзе і 25,634 млн.
Паводле kp.by