Мінус у гандлі з Расіяй і Кітаем перавысіў 4,5 мільярда долараў

Беларусы падвялі вынікі замежнага гандлю таварамі за паўгоддзе. У 2021 годзе «дзірка» ў гандлі з РФ і КНР павялічылася на 2,1 млрд USD, паведамляе сайт banki24.by.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Усялякі знешні гандаль ідзе ў двух кірунках. Калі пастаўкі ідуць у іншую краіну — гэта экспарт, калі тавары ўвозяцца ў краіну з іншай — гэта імпарт. Розніца паміж экспартам і імпартам утварае сальда знешняга гандлю.

Калі экспарт большы за імпарт, сальда станоўчае, калі меншы — адмоўнае. Краіны імкнуцца закрыць існуючую «дзірку» ў знешнім гандлі з якой-небудзь дзяржавай за кошт іншых напрамкаў. Калі гэта не атрымліваецца, спрабуюць пакрываць негатыўнае таварнае сальда станоўчым сальда па паслугах. Калі і па паслугах сальда адмоўнае, у ход ідуць замежныя інвестыцыі і/або запазычанне валюты (крэдыты і пазыкі).

За 6 месяцаў 2021 года таварнае сальда Беларусі са знешнім светам склала мінус 1,151 млрд USD у эквіваленце. Найбольш паспрыялі стварэнню гэтай «дзіркі» Расія і Кітай. Па сумяшчальніцтве гэтыя ж краіны з'яўляюцца галоўнымі гандлёвымі партнёрамі РБ у свеце.

Расія з вялікім адрывам займае першае месца ў знешнім таваразвароце Беларусі. Доля РФ за палову бягучага года дасягнула 48,8%. Гэта значна больш, чым у наступных 10 найбуйнейшых краін-партнёраў разам узятых. Пры гэтым удзельная вага Расіі па экспарту склала 41,8%, а па імпарту — 55,4%. Вялікая залежнасць ад Расіі па імпарту тлумачыцца манапольным становішчам Расіі ў пастаўках нафты і газу.

У 2021 годзе імпарт з Расіі расце ўдвая хутчэй, чым беларускі экспарт у РФ — на 45,9% за паўгода супраць 21,9%. З-за апераджальнага росту імпарту павялічваецца негатыўнае сальда. Калі за студзень-чэрвень 2020 года яно было эквівалентнае 1,092 млрд USD, то за такі ж прамежак у 2021-м дасягнула 3,049 млрд USD.

У другой палове 2021-га адмоўнае сальда з Расіяй працягне нарастаць, бо набліжаецца ацяпляльны сезон у Беларусі і Еўропе. Гэта павялічвае патрэбу ў газе і іншых вуглевадародах для абагравання жылля і вытворчых пляцовак.

Кітай уваходзіць у топавую тройку знешнегандлёвых партнёраў Беларусі з доляй 6,2%. Удзельная вага КНР на экспартным кірунку склала 2,2%, на імпартным — 9,9%. Паколькі імпарт з Кітая ў разы перавышае экспарт, негатыўнае сальда працягвае нарастаць. За першую палову 2020 года яно было роўнае мінус 1,315 млрд USD, а за 6 месяцаў 2021-га дасягнула мінус 1,464 млрд USD.

Такім чынам, сукупнае сальда на расійскім і кітайскім напрамках дасягнула мінус 4,513 млрд USD. У 2020-м яно складала мінус 2,407 млрд USD.