Moody’s: з усяго СНД у 2017 годзе скарачэнне пакажа толькі эканоміка Беларусі

Рост эканомікі ўсіх краін СНД у 2017 годзе павінен некалькі паскорыцца ў параўнанні з 2016 годам, і толькі эканоміка Беларусі, як чакаецца, зноў пакажа скарачэнне. 

REUTERS/Brendan McDermid

REUTERS/Brendan McDermid


Такая выснова ўтрымліваецца ў аглядзе міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Moody's па дзевяці краінах СНД.
"Урады краін СНД справіліся з шокам нафтавых коштаў, выкарыстоўваючы правераныя метады, такія як увядзенне плаваючага валютнага курсу і ўзмацненне жорсткасці грашовай і фіскальнай палітыкі. Гэта дапамагло змякчыць наступствы падзення цэн на нафту і дазволіць большасці краін СНД паказаць некаторае паляпшэнне эканомікі ў 2017 годзе, — тлумачыць адзін з аўтараў справаздачы — старэйшы віцэ-прэзідэнт агенцтва Moody's Крысцін Ліндоу. — Аднак макраэканамічны прагноз застаецца слабым, і рызыкі зніжэння крэдытаздольнасці ўсё яшчэ дамінуюць".
Рост эканомікі ўсіх краін СНД у 2017 годзе павінен некалькі паскорыцца ў параўнанні з 2016 годам. Агенцтва Moody's прагназуе, што тэмпы росту па рэгіёне вырастуць з 1% у 2016 годзе да 2% у 2017 годзе і да 3% у 2018 годзе. Некаторае павышэнне коштаў на нафту, верагодна, дасць магчымасць урадам краін — экспарцёраў нафты дапусціць пэўныя паслабленні ў бюджэтнай і грашовай палітыцы, а ў краінах — імпарцёрах нафты будзе адзначацца некаторы павелічэнне прытоку грашовых пераводаў.
Агенцтва Moody's чакае, што пасля двух гадоў рэцэсіі Расія, чыя эканоміка несувымерна большая за эканомікі іншых краін СНД, у 2017 годзе пакажа станоўчы, хоць усё яшчэ сціплы, рост ВУП на ўзроўні 1%. "Гэта будзе спрыяць паляпшэнню становішча ва ўсім рэгіёне дзякуючы гандлёвым і фінансавым сувязям паміж краінамі. Толькі эканоміка Беларусі, як чакаецца, зноў пакажа скарачэнне ў 2017 годзе", — прагназуе Moody's.
У доўгатэрміновай перспектыве чакаецца, што тэмпы росту эканомік краін СНД застануцца невысокімі, і гэта будзе ключавым фактарам стрымлівання для іх суверэнных рэйтынгаў.
Нагадаем, у студзені—лістападзе мінулага года беларускі ВУП знізіўся на 2,7%. Пры гэтым афіцыйны прагноз на 2016 год, зацверджаны ў снежні 2015 года, прадугледжваў рост ВУП на 0,3%.
Паводле прагнозаў беларускіх уладаў, ВУП Беларусі ў 2017 годзе вырасце на 1,7%.
Аляксей Арэшка, БелаПАН