На «Гродна Азоце» аварыйна спынены цэх аміяку
Работнікі аднаго з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў Беларусі «Гродна Азот» паведамілі, што ўвечары 15верасня аварыйна спыніўся цэх «Аміяк-3». Прычына — паломка абсталявання.
Па словах некалькіх супрацоўнікаў прадпрыемства, цэх «Аміяк-3» спыніўся з-за зламаных машын. Па ланцуговай рэакцыі пачалі спыняцца іншыя цэхі, у прыватнасці «Карбамід-3». Працу спрабуюць аднавіць спецыялісты, кіраўніцтва сабралася на нараду.
Калі не аднавіць працу цэха аміяку за 1 — 2 дня, ён можа канчаткова спыніцца надоўга.
Па словах супрацоўнікаў прадпрыемства, гэта не пагражае экалагічнай катастрофай, выкідам шкодных рэчываў. Спецыялісты падрыхтаваныя да падобных аварыйных сітуацый і ведаюць, што рабіць у такіх выпадках. Аднак такая сітуацыя не шараговая. Такіх паломак не ўзгадаюць за апошнія 10 гадоў.
Наступствы спынення цэху будуць у першую чаргу эканамічныя, гэта адаб’ецца на наступнай вытворчасці.
Паводле naviny.media