Sandvine скасоўвае здзелку з Беларуссю з-за парушэння правоў чалавека
Амерыканская Sandvine Inc. скасавала пагадненне з Беларуссю, заявіўшы, што ўрад выкарыстаў яе тэхналогіі для парушэння правоў чалавека.
Як паведамлялася, Sandvine Inc. паставіла ўладам Беларусі абсталяванне, якое дазваляе фільтраваць інтэрнэт-трафік з дапамогай тэхналогіі DPI і блакаваць сайты, сацсеткі і мэсэнджары.
У заяве Sandvine у аўторак гаворыцца, што папярэдняе расследаванне паказала, што ў яе прадукты быў дададзены «кастомны код», «каб перашкодзіць свабоднаму патоку інфармацыі падчас выбараў у Беларусі», паведамляе Bloomberg.
«Гэта парушэнне правоў чалавека, якое прывяло да аўтаматычнага спынення дзеяння нашага ліцэнзійнага пагаднення з канчатковым карыстальнікам», — гаворыцца ў заяве. «Sandvine вельмі сур’ёзна ставіцца да парушэнняў правоў чалавека. Мы не прымаем выкарыстанне тэхналогій для падаўлення вольнага патоку інфармацыі, які прыводзіць да парушэнняў правоў чалавека».
У заяве Sandvine адзначаецца, што Беларусь парушыла ліцэнзійнае пагадненне, якое «прама забараняе дзеянні, якія падтрымліваюць або дазваляюць здзяйсненне асобных парушэнняў правоў чалавека».
«Sandvine не парушала ніякіх законаў або санкцый ЗША ці іншых дзеючых законаў або санкцый па экспартным кантролі, — заявілі ў кампаніі. — З тэхналагічнага пункту гледжання мы вывучаем спосабы паляпшэння нашых прадуктаў, каб знізіць рызыку няправільнага выкарыстання».
Як паведамлялася, абсталяванне Sandvine было ўстаноўлена ў двух дата-цэнтрах пад кіраваннем дзяржаўнага прадпрыемства «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» (НЦАТ).
Паводле АФН