На шляху да прамысловага феадалізму

Пакуль на Захадзе паспяхова будуюць постындустрыяльную эканоміку, у Беларусі ўлады спрабуюць ісці кітайскім шляхам — развіваць эканоміку індустрыяльную.

ahr0chm6ly9pbwcuywxpy2rulmnvbs9iyw8vdxbsb2fkzwqvativmtkwmzi4mdi3os9uqjixww1abezywfhywc5ycfhywfhywfhywfhfisexotazmjgwmjc5lmpwz18zmtb4mzewlmpwzw...jpg

Але маштабы Беларусі і Кітая несупастаўныя. І спробы адрадзіць савецкую індустрыяльную мадэль або скапіяваць кітайскую — толькі яшчэ больш адкідваюць Беларусь на ўскраіну тэхналагічнага і сацыяльнага прагрэсу.


Аўтамабіль па-беларуску


Нарэшце 6 мая беларусы даведаліся, па якой мадэлі мы збіраемся будаваць будучыню айчыннай прамысловасці. Калі сцісла, то варта забыцца пра такія глупствы, як міжнародны падзел працы, спецыялізацыя вытворчасці і гнуткі падыход. Аўтамабілі мы будзем вырабляць у сябе, са сваіх камплектуючых, прадаваць іх за мяжу за валюту, а хто не будзе купляць — той радыска.
Менавіта такім быў лейтматыў, які Аляксандр Лукашэнка агучыў, наведваючы 6 мая Мінскі маторны завод (ММЗ). Блукаючы па цэхах прадпрыемства (ён наведаў галоўны зборачны канвеер 4-цыліндравых рухавікоў ды цэх зборкі і выпрабаванняў рухавікоў), прэзідэнт разважаў аб даляглядах развіцця эканомікі Беларусі з апорай на машынабудаванне. «2016 год — гэта год праверкі на трываласць усіх прадпрыемстваў краіны, асабліва такіх гігантаў, да якіх адносіцца і Мінскі маторны завод, — адзначыў Лукашэнка. — У гэтым пераліку таксама МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і іншыя прадпрыемствы, якія мы не можам страціць, бо гэта брэнд нашай краіны».
Пры гэтым, паводле меркавання кіраўніка Беларусі, для выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі патрэбна «захаванне цвёрдай дысцыпліны» і «дыктатура тэхналогіі». Выходзячы на новыя рынкі з новай якасцю і новым прадуктам, Беларусь зможа «выбрацца з крызіснай сітуацыі, у якую нас апусцілі», заявіў кіраўнік дзяржавы.

maszynabudavanne1.jpg


Да гэтага моманту яшчэ можна было трываць. Але далей пайшлі адкрыцці, ад якіх усялякі разумны эканаміст можа толькі заплакаць.
Лукашэнка распавёў, што неўзабаве на спецыяльнай нарадзе будуць разглядацца пытанні аўтамабілебудавання. Мэта — так рэфармаваць вытворчасць, каб атрымаць канкурэнтаздольны прадукт у выглядзе аўтамабіля, трактара і гэтак далей. Маўляў, зараз ідзе распрацоўка праграмы развіцця аўтамабілебудавання. «Вы выдатна разумееце, што мы, вырабляючы ў Беларусі з кітайскімі сябрамі гэты аўтамабіль («Geely»), урываемся ў «святая святых» першым чынам Расіі. Мы будзем яго прадаваць па ўсім свеце, у тым ліку ў Расіі і Казахстане, — адзначыў кіраўнік Беларусі. — Справа нашага гонару гэты аўтамабіль вырабіць менавіта ў такіх аб’ёмах і ў тыя тэрміны, якія мы плануем». І апафеоз: «У найбліжэйшыя год-два мы будзем мець поўны камплект вытворчасці ўласных аўтамабіляў».

Фота з сайта carnegie.ru

Фота з сайта carnegie.ru


Камплектуючыя ёсць, сэнсу няма


У Беларусі ўлады вырашылі пайсці шляхам, процілеглым таму, якім ідзе прамысловасць ва ўсім свеце. Нам прапаноўваюць зрабіць «цалкам свой» аўтамабіль і прадаваць яго за мяжой «па ўсім свеце», найперш у Расіі. Праўда, у самой Расіі зараз адзін за адным спыняюцца заводы, што былі адчыненыя ў ранейшыя гады сусветнымі аўтамабільнымі гігантамі. У крызіс расіяне перасталі купляць машыны. У 2015 годзе з Расіі сышоў амерыканскі гігант «General Motors», зачынілі свае зборачныя вытворчасці «Toyota», «Huindai», «Kia». Сёння на мяжы закрыцця ў Расіі шэсць аўтазаводаў з дваццаці, то бок 30%. Папросту няма попыту.


Больш за тое, аўтамабільныя заводы зачыняюцца нават у Кітаі — рынак перанасычаны больш якаснымі аўто вытворцаў з ЕС, ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі. Каму ў такіх умовах патрэбен той жа беларускі «Geely»?


Які насамрэч — састарэлая японская распрацоўка, увасобленая ў Кітаі, але зараз — з уласнымі беларускімі камплектуючымі, зробленымі на яшчэ савецкай тэхналагічнай базе. Гэткі Франкенштэйн на чатырох колах.

Імкненне сканцэнтраваць усе этапы вытворчасці ў сваёй краіне, пад уласным кантролем, — гэта прамысловы феадалізм.


Сучасная вытворчасць аўтамабіляў, як і любой іншай складанай тэхнікі, — гэта велізарны міжнародны канвеер, кааперацыя паміж сотнямі вытворцаў з розных краін. Нікому ў галаву не прыходзіць сканцэнтраваць вытворчасць усіх дэталяў і кампанентаў у адной краіне.
Ведаеце, у якой дзяржаве Еўропы сёння вырабляецца больш за ўсё аўтамабіляў на душу насельніцтва? У Славакіі. Дзякуючы падатковаму рэжыму і разумнай палітыцы яе ўлады здолелі прыцягнуць да сабе ў якасці інвестараў цэлы шэраг сусветных аўтавытворцаў — і яны пабудавалі там свае заводы. Але гэта зборачныя прадпрыемствы, камплектуючыя для якіх пастаўляюцца з самых розных краін свету. І славакі зусім не імкнуцца наладжваць у сябе іх вытворчасць.
Гэта Кітай, які мае велізарную тэрыторыю і двухмільярднае насельніцтва, можа вырабляць у сябе ўсё камплектуючыя для аўтамабіляў. Таму што нават калі ў Паднябеснай пачнуць вырабляцца ўсе машыны свету, гэта складзе толькі 5% мясцовай эканомікі.

А Беларусь, калі наладзіць у сябе поўны цыкл вытворчасці аўтамабіля пры існуючых тэхналогіях, апынецца тэхналагічна адсталай краінай, па ўласнай волі ізаляванай ад свету. Мы застанемся нават не ва ўчорашнім дні, а ў першай палове ХХ стагоддзя.


Жаданне кіраўніка дзяржавы вырабляць уласныя легкавушкі можна зразумець — гонар за імідж «зборачнага цэха СССР» жывы дагэтуль. Але імкненне наладзіць у сябе яшчэ і поўную вытворчасць камплектуючых — гэта неверагодная эканамічная неабачлівасць. Зрабіць гэта на годным узроўні можна, толькі закупіўшы за мяжой усе патрэбныя вытворчыя лініі і навучыўшы ўласных высокакваліфікаваных працоўных. Але гэта запатрабуе выдаткаў, якія перавышаюць увесь дзяржбюджэт Беларусі. Значыць, зноў будзе «апора на ўласныя сілы» — рэалізацыя прынцыпу чучхе ў Еўропе ў ХХI стагоддзі. Ці атрымаецца? Успомніце, як прайшла «мадэрнізацыя» прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі, цэментавых заводаў. Высновы зрабіце самі.

maszynabudavanne2.jpg


* * *

Год таму я неяк зайшоў у мінскі ГУМ, дзе ўбачыў два ВК-тэлевізара. Цалкам аднолькавыя па дыяганалі экрана, па дызайне, па тэхнічных характарыстыках. Толькі першы каштаваў 10.500.000 рублёў, а другі — 11.500.000. Першы — «Panasonic» чэшскай зборкі, другі — беларускі «Гарызонт». Вы б які з іх купілі?
Вынік — у кастрычніку 2015-га вытворчасць тэлевізараў у Беларусі наогул спынілася. З-за свайго сабекошту яны не змаглі канкураваць нават з традыцыйна дарагімі еўрапейскімі.