Нацбанк адмяняе абмежаванні па мэтавай куплі замежнай валюты

Нацыянальным банкам Беларусі прынятае рашэнне аб адмене абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.

dolar_euro_dinero_negro_cia_14012017010256_1000x0.jpg

Гэтае рашэнне прынятае "ў межах правядзення мерапрыемстваў па паэтапнай лібералізацыі валютных адносін" і замацаванае ў пастанове праўлення Нацбанка ад 28 снежня 2017 года № 538 "Аб некаторых пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю", якая набывае моц праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Пастановай зацверджаная новая рэдакцыя Інструкцыі аб парадку правядзення валютна-абменных аперацый, якой прадугледжана ўстанаўленне аднолькавага парадку правядзення валютна-абменных аперацый, што праводзяцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на ўнутраным валютным рынку.
Так, юрыдычныя асобы — рэзідэнты змогуць ажыццяўляць набыццё замежнай валюты па неабходнасці, якая вызначаецца імі самастойна. Не ўсталёўваюцца таксама тэрміны выкарыстання набытай замежнай валюты.
Аналагічны парадак здзяйснення валютна-абменных аперацый будзе дзейнічаць і для індывідуальных прадпрымальнікаў.
У адпаведнасці з новай Інструкцыяй пры куплі замежнай валюты юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя будуць паказваць код накіравання выкарыстання набыванай замежнай валюты. Пры гэтым, адзначаюць у Нацбанку, указанне гэтых кодаў "будзе насіць выключна статыстычны характар і не будзе абмяжоўваць выкарыстанне набытай замежнай валюты па іншых накіраваннях".
"Адмена абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты і ўсталяванне аднолькавага парадку правядзення валютна-абменных аперацый з удзелам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў забяспечаць большую свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці і дазволяць знізіць адміністрацыйныя выдаткі суб`ектаў гаспадарання, звязаныя з неабходнасцю звароту ў Нацыянальны банк па атрыманне дазволаў на куплю замежнай валюты на мэты, не прадугледжаныя заканадаўствам, прадаўжэнне тэрмінаў захоўвання і змяненне мэтавага выкарыстання набытай замежнай валюты. Прынятае рашэнне таксама створыць умовы для развіцця тэрміновага рынку з выкарыстаннем вытворных фінансавых інструментаў (форварды, валютныя ф`ючарсы, валютныя апцыёны, свопы)", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
Акрамя таго, адмена абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты для юрыдычных асоб стане "дадатковым крокам у напрамку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў межах ЕАЭС і сфармуе перадумовы для наступнай адмены іншых абмежаванняў і абцяжаранняў, устаноўленых валютным заканадаўствам Беларусі", звяртаюць увагу ў галоўным банку краіны.
Варта адзначыць, што мэтавая купля замежнай валюты дзейнічае ў Беларусі з 1990-х гадоў. Прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць купіць замежную валюту на ўнутраным рынку толькі на пэўныя мэты.
У прыватнасці, дазволена купляць валюту для выканання абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, але пры гэтым не дапускаецца набыццё замежнай валюты для яе размяшчэння ва ўклад. Купля замежнай валюты для разлікаў з рэзідэнтамі таксама абмежаваная. Купіць замежную валюту на ўнутраным рынку юрыдычныя асобы да гэтага часу могуць толькі для выплаты супрацоўнікам камандзіровачных расходаў, а таксама для разлікаў з банкам па пагашэнні крэдытаў.
Пасля адмены мэтавай куплі прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць купляць замежную валюту ў неабмежаваным аб`ёме і распараджацца ёю, як пажадаюць.
Акрамя таго, у 2018 годзе ў Беларусі плануюць цалкам адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі. Як паведамлялася раней, 1 кастрычніка нарматыў абавязковага продажу замежнай валюты ў Беларусі быў паніжаны з 20% да 10%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН