Не купляюць беларускае. Беларусы звялі пакупкі айчынных тавараў да шматгадовага мінімуму

Спажыўцы ў Беларусі ўсё часцей глядзяць у бок імпарту і адварочваюцца ад прадукцыі беларускіх вытворцаў.

p1160426.jpg

Статорганы зрабілі справаздачу аб рознічным тавараабароце арганізацый гандлю і долі беларускіх тавараў у продажах розніцы. Гэтым разам падведзены вынікі 9 месяцаў 2021 года.

Тавараабарот арганізацый гандлю за 9 месяцаў склаў 36,4 млрд. BYN, пішуць banki24.by. Пры гэтым продажы тавараў айчыннай вытворчасці дасягнулі 21,7 млрд. BYN. Удзельная вага беларускай прадукцыі ў тавараабароце арганізацый знізілася да 59,5%.

Доля айчынных тавараў у продажах стала рэкордна нізкай, калі параўноўваць яе з паказчыкамі за 9 месяцаў на адрэзку 2013-2021 гадоў. У студзені-верасні 2013 года ўдзельная вага беларускай прадукцыі яшчэ дасягала 71,7%. Затым у 2014 годзе яна упала да 70,7%, у 2015 — да 69,8%, у 2016 — да 66,2% , у 2017 — да 65%, у 2018 — да 63,4%, у 2019 — да 61,6% і ў 2020 — да 60,7%.

Прыкметна, што на працягу 8 гадоў запар вага айчынных тавараў у продажах пастаянна памяншалася. Гэта адбывалася нягледзячы на дэкларацыі чыноўнікаў аб імпартазамяшчэнні на спажывецкім рынку.

Паводле прынятай у краіне класіфікацыі, тавары бываюць харчовымі і нехарчовымі. У першую катэгорыю ўваходзяць харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы, у другую — усё астатняе. У абедзвюх таварных групах ідзе паступовае змяншэнне долі беларускай прадукцыі.

Аднак па таварах нехарчовай групы гэта адбываецца хутчэй і ў дадзенай катэгорыі айчынныя вытворцы ўжо саступілі галоўнае становішча на рынку. За 2013-2021 гг. удзельная вага беларускіх харчовых тавараў скарацілася з 83,3% да 76,8%. Паралельна ў нехарчовай групе доля айчыннай прадукцыі ўпала з 56,3% да 40,9%.

Чаму прадукты харчавання з Беларусі яшчэ ўтрымліваюць унутраны рынак? Гэта можа быць звязана з лагістыкай дастаўкі харчавання з іншых краін: многія тавары хутка псуюцца, ды і выдаткі на перавозкі ў Беларусь могуць быць занадта высокімі. Такую прадукцыю проста няма сэнсу ўвозіць у нашу краіну. Зрэшты, сярод харчовых прадуктаў усё роўна ёсць пазіцыі, дзе дамінуе імпарт. Па выніках 9 месяцаў 2021-га гэта свежыя садавіна і арэхі (доля імпарту 92,7%), рыба (87,2%), алей (84,8%).

Сярод нехарчовых тавараў нізкая доля беларускіх фіксавалася ў продажах аўтамабіляў (13,9%), тэлевізараў (14,5%), пральных машын (15%), парфумерна-касметычнай прадукцыі і рэчаў туалету (17,8%).