Праблемы ўкраінскага азотнага караля Фірташа паспрыялі росту беларускага экспарту
Спыненне прадпрыемстваў, падкантрольных Дзмітрыю Фірташу, на ўсходзе Украіны, а таксама праблемы з дзейнымі азотнымі заводамі прывялі новых гульцоў на ўкраінскі рынак.
Так, у першую чаргу, кажуць пра рост паставак угнаенняў з Беларусі.
У I квартале 2016 г. імпарт угнаенняў ва Украіну павялічыўся ў 1,5 разы або на 55% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе Дзяржаўная служба статыстыкі. Так, за студзень — сакавік гэтага года ўгнаенняў завезлі на 235 млн даляраў, піша Biz.nv.
Папярэднія два гады праз крызіс аграрыі ўносілі менш угнаенняў, чым трэба, тлумачыць генеральны дырэктар Украінскага клуба аграрнага бізнэсу Тарас Высоцкі. Цяпер яны спрабуюць гэта кампенсаваць. Такім чынам, унутранае спажыванне крыху павялічылася.
Акрамя таго, у канцы мінулага года быў прыняты законапраект № 2558а, які лібералізаваў рынак мінеральных угнаенняў і спрасціў працэдуру доступу на рынак для міжнародных вытворцаў, працягвае Высоцкі. Гэта стымулявала канкурэнцыю, бо раней рынак быў манапалізаваны і абмежаваны.
Да лібералізацыі практычна манапольнае становішча на рынку займала холдынгавая кампанія Ostchem. Заводы холдынгу працавалі вельмі нестабільна, кажа дырэктар групы Агратрэйд Мікалай Грынчанка.
Ostchem — холдынгавая кампанія, якая ўваходзіць у фінансава-прамысловую групу кампаній Group DF Дзмітрыя Фірташа. Ва Украіне Ostchem аб'ядноўвае 4 заводы хімічнай прамысловасці: канцэрн «Стыролу», Севераданецкае аб'яднанне «Азот», Чаркаскі «Азот» і «Рыўнаазот». Дыстрыбуцыю мінеральных угнаенняў забяспечвае кампанія «Украгра НПК», а транспартаванне — порт «Ніка-тэра».
Заводы ў Севераданецку і Горлаўцы не працуюць цяпер, а «Рыўнаазот» і «Чаркаскі Азот» маюць праблемы з пастаўкамі газу і праходзяць працэдуру расследавання, дадае дырэктар Укрпрамзнешэкспертызы Уладзімір Уласюк.
Відавочна, што ва ўнутраных вытворцаў праблемы і выпускаць угнаенні практычна няма каму, кажа кіраўнік аналітычнага аддзела ІК Concorde Capital Аляксандр Парашчый. Ён тлумачыць, што акрамя заводаў Фірташа засталіся два прадпрыемствы – «ДнепрАзот» і Адэскі прыпартовы завод. Але ў першага невялікія магутнасці, а другі працуе на экспартныя пастаўкі.
Такім чынам, на ўкраінскі рынак пачалі выходзіць новыя гульцы, кажа Высоцкі. У гэтым годзе на рынку было шмат беларускіх угнаенняў, дадае Грынчанка. Таксама з'явілася прадукцыя з Сярэдняй Азіі — Казахстана і Туркменістана.
Зрэшты, такое становішча мала ўплывае на аграрны сектар. Паводле словаў Грынчанкі, кошты на ўгнаенні засталіся на ўзроўні мінулага года. Звычайна кошты зніжаюцца толькі з сакавіка праз заканчэнне сезону, а ў жніўні рост аднаўляецца. «Рынкавыя ваганні коштаў захаваліся, і ўгнаенняў было дастаткова», — кажа ён.
Высоцкі кажа, што цяпер ужо асноўныя ўгнаенні ўнесеныя. Магчымае нязначнае павелічэнне ў III квартале пад восеньскую пасяўную. Але ў наступныя гады рост унутранага спажывання можа даць штуршок імпарту і павялічыць яго на 10 – 15%.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, якія вывучыў «Штодзённік», у I квартале гэтага года Беларусь паставіла на экспарт блізу 80 тыс. азотных угнаенняў, хоць у студзені — сакавіку 2015 года гэты паказнік быў 100 тыс. тонаў. Кошт экспарту скараціўся амаль на 40% — з 65 млн да 40 млн даляраў.
Аднак ва Украіну пастаўкі выраслі. Калі ў I квартале 2015 года экспарт быў 6 тыс. тонаў (на 4,2 млн даляраў), то ў гэтым годзе — амаль 9 млн тонаў (на 5,2 млн даляраў).
Гарадзенская Вясна