Былы генсек NАТO стаў дарадцам Парашэнкі
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прызначыў сваім пазаштатным дарадцам былога генеральнага сакратара NАТO Андэрса Фог Расмусэна. У расійскай Дзярждуме ўжо назвалі гэта прызначэнне варожым крокам.
"Прызначыць Андэрса Фог Расмусэна дарадцам прэзідэнта Украіны, па-за штатам (па дамове)", — гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на сайце прэзідэнта Украіны.
У жніўні 2014 года, калі Расмусэн яшчэ займаў пасаду генеральнага сакратара, ён быў узнагароджаны украінскім ордэнам Свабоды "за значны асабісты ўнёсак у развіццё супрацоўніцтва паміж украінскай дзяржавай і Паўночнаатлантычным альянсам, важкую падтрымку ў адстойванні суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", паведамляе ВВС.
Першы намеснік кіраўніка камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Калашнікаў назваў прызначэнне Расмусэна жэстам, варожым Расіі.
"У большай ступені гэта, вядома, жэст, але жэст, які будзе падмацаваны справамі. І гэта варожы жэст. Падобным абставінах патураюць і палітыкі "Вялікай сямёркі", — цытуе Калашнікава "Інтэрфакс".
Год таму прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што ўпершыню ў гісторыі Украіны колькасць прыхільнікаў ўступлення ў NАТO сярод грамадзян краіны перавысіла колькасць праціўнікаў.
"Усё, што мы будзем рабіць у сферы бяспекі, будзе арыентавана на стандарты NАТO... Права ж прымаць канчатковае рашэнне па гэтым пытанні належыць выключна ўкраінскаму народу на рэферэндуме", — сказаў украінскі прэзідэнт.
Нагадаем, Расмусэн у 2001–2009 ггадах узначальваў урад Даніі, з 2009 па 2014 год — быў генеральным сакратаром NАТO.