Праз санкцыі казахстанскія банкі адмаўляюцца пералічваць грошы беларускім кампаніям
Беларускія прыватныя кампаніі адчуваюць праблемы з пералікам грошай з казахстанскіх банкаў. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 19 траўня паведаміў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.
«Літаральна ўчора мы атрымалі інфармацыю, што пачаліся
праблемы з пералікам з казахстанскіх банкаў на беларускія малыя прадпрыемствы
нават у расійскіх рублях. Гэта зусім новая сітуацыя для нас, якую трэба
асэнсаваць», — заявіў ён.
Калінін распавёў, што пасля ўвядзення міжнародных санкцый
беларускія кампаніі меркавалі праводзіць міжнародныя разлікі праз казахстанскія
банкі. І спярша нават атрымалі ад іх згоду. «Мы хацелі праз Казахстан
разлічвацца ў еўра, а зараз немагчыма правесці нават расійскія рублі», —
паскардзіўся старшыня БСП.
Па словах Калініна, гаворка ідзе пра частку казахстанскіх
банкаў. «Яны баяцца трапіць пад санкцыі. Ім свая кашуля бліжэйшая да
цела», — дадаў ён.
Паводле «Еўрарадыё».