Сталі вядомыя сумы падатку для ўладальнікаў кватэр

Сума падатку, якую будуць плаціць уладальнікі кватэр, cкладзе ад 20 да 50 беларускіх рублёў у год. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой у праграме «Пытанне нумар адзін» на тэлеканале «Беларусь 1».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Па яго словах, для асобных катэгорый грамадзян будуць дзейнічаць ільготы. Гаворка ідзе аб пенсіянерах, шматдзетных, інвалідах і іншых сацыяльна неабароненых катэгорыях. Яны падатак плаціць не будуць, запэўніў прадстаўнік АП.
«Для астатніх гэта будзе стаўка ад 20 да 50 рублёў у год. Таму сказаць, што гэта ўжо нейкая непад'ёмная або катастрафічная сума для гараджаніна, нельга», — лічыць ён.
Ён таксама растлумачыў, што гэта не новы падатак, а адмененая льгота, каб зраўнаваць уладальнікаў прыватных дамоў і жыхароў кватэр.
«Адмяняецца льгота. Гэта не ўводзіцца новы падатак. Ён сёння існуе. І ён існуе ў сельскай мясцовасці для прыватных дамоў вяскоўцаў, якія 30 гадоў гэты падатак плацяць. Калі ў 90-х гадах уводзілі гэтую льготу, 95% жыллёвага фонду ў горадзе — кватэры — былі дзяржаўнымі (спадчына СССР). Зараз піраміда цалкам перавярнулася: 95% жыллёвага фонду — прыватныя. Растлумачыць пры розніцы даходаў гараджаніна і сельскага жыхара, чаму адзін плаціць, а другі не плаціць, немагчыма з пункту гледжання прынцыпу справядлівасці ў падатковай сістэме», — мяркуе прадстаўнік адміністрацыі.
Паводле reform.by