Сусветны банк пагоршыў прагноз развіцця эканомікі Беларусі
Сусветны банк пагоршыў прагноз развіцця эканомікі Беларусі. 4 чэрвеня быў апублікаваны дакумент з прагнозам развіцця сусветнай эканомікі на 2019-2020 гады.

pixabay.com
Паводле новай ацэнкі, рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі сёлета складзе 1,8%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2%. Ранейшы прагноз быў у студзені сёлета. У параўнанні з ім лічбы знізіліся на 0,9%, 1,2% і 1,3% адпаведна, інфармуе svaboda.org.
Сярод рызыкаў экспертамі называюцца "раптоўныя перамены настрояў інвестараў". На іх думку, рост палітычнай нявызначанасці можа падарваць давер бізнесу і інвестараў. Адзначаецца, што Беларусь адносіцца да краінаў, якія "адрозніваюцца высокім дэфіцытам рахунку бягучых аперацый, моцнай залежнасцю ад прытоку капіталу ці значным аб’ёмам запазычанасці ў замежнай валюце".
Эксперты Сусветнага банку мяркуюць, што тэмпы будучага росту эканомікі нашай краіны залежаць ад таго, наколькі паспяховым будзе рэалізацыя структурных рэформаў (у тым ліку і для паляпшэння бізнес-клімату), ад дасягнення ўстойлівасці дзярждоўгу і рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў.
Паводле euroradio.fm