Сусветны банк прарочыць беларускай эканоміцы рэцэсію і ў 2017 годзе
Эканоміка Беларусі працягне заставацца ў стане рэцэсіі яшчэ і ў 2017 годзе. Пра гэта заявіў краінавы эканаміст Сусветнага банка ў РБ Кірыл Гайдук.
«Эканоміка застанецца ў стане рэцэсіі. Аднаўленне чакаецца не раней за 2018 год», — сказаў Гайдук.
СБ чакае, што рэцэсія будзе меншай, чым у гэтым годзе. Эксперты банка прагназуюць, што ВУП Беларусі скароціцца ў наступным годзе на 0,9%.
«Захоўваюцца знешнія дысбалансы з прычыны зніжэння экспартнай выручкі і даўгавых выплат у замежнай валюце», — адзначыў Гайдук.
Рост эканомікі магчымы у 2018 годзе на 1,1%. У першую чаргу гэта звязана з аднаўленнем рынкаў асноўных гандлёвых партнёраў. Акрамя таго, надзеі звязаныя з рэформамі, накіраванымі на павышэнне канкурэнтаздольнасці і прадукцыйнасці прадпрыемстваў рэальнага сектара.
Кірыл Гайдук падкрэсліў, што ў дадзеным сцэнары закладзена аднаўленне аб'ёмаў паставак нафты і газу з Расіі. Эканаміст лічыць, што ў 2017 годзе годзе магчымы працяг скарачэння рэальных даходаў насельніцтва і рост беспрацоўя.
«Але іх тэмпы будуць менш, чым у гэтым годзе», — адзначыў ён.
Паводле tut.by