Сусветны банк выдзеліць Беларусі сотні мільёнаў долараў
Сусветны банк будзе падтрымліваць, між іншым, мадэрнізацыю сектара вышэйшай адукацыі.
Група Сусветнага банка (СБ) працягне аказваць уладам Беларусі дапамогу ў правядзенні структурных рэформаў у эканоміцы, заявіў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва СБ Алекс Крэмер, які 18 чэрвеня сустрэўся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
Ён нагадаў, што Сусветны банк прыступае да рэалізацыі пяцігадовай рамачнай стратэгіі партнёрства для Беларусі, якая была зацверджана ў красавіку.
«Згодна з новай стратэгіяй, банк выдзеліць Беларусі фінансаванне ў аб'ёме 570 мільёнаў долараў, таксама плануецца дадатковае фінансаванне, якое патэнцыйна можа быць выдзелена Міжнароднай фінансавай карпарацыяй у абʼёме каля 120 мільёнаў долараў, – удакладніў Крэмер. – Што тычыцца новых напрамкаў нашага супрацоўніцтва, то можна вылучыць дзве найбольш цікавыя тэмы, над якімі мы будзем сумесна працаваць. Першае – мы будзем больш глыбока ўдзельнічаць у дыялогу з беларускімі органамі дзяржкіравання адносна тых структурных эканамічных пераўтварэнняў, якія неабходныя краіне. Другое – мы будзем падтрымліваць працу па мадэрнізацыі сектара вышэйшай адукацыі».
Па словах кіраўніка прадстаўніцтва СБ, праект у сферы адукацыі, які рыхтуецца, неабходны для таго, каб моладзь у Беларусі валодала навыкамі, якія максімальна адпавядаюць патрэбам рынку працы.
«І нам сапраўды вельмі цікавыя тыя ідэі, якія ёсць ва ўрада для таго, каб мець магчымасць прывядзення навучальных планаў і адукацыйных праграм, якія выкарыстоўваюцца ва ўніверсітэтах, у адпаведнасць з найлепшымі сусветнымі практыкамі», – падкрэсліў ён.
Як паведамлялася, за ўвесь перыяд супрацоўніцтва (1992-2017 гады) Сусветны банк інвеставаў каля 1,7 мільярда долараў ЗША ў шэраг значных інфраструктурных і сацыяльных праектаў у краіне.
Дзеючы партфель Сусветнага банка ўключае восем інвестыцыйных праектаў з пазыковых фінансаваннем на агульную суму 789 мільёнаў долараў.
Паводле www.radyjo.net