Што ў Беларусі больш за ўсё падаражэла за год?
Больш за ўсё за год падаражэлі прадукты. Белстат падвёў вынікі года і апублікаваў свежыя лічбы па інфляцыі. У снежні яна склала 0,9%. Калі глядзець у гадавым выражэнні, то паказчык аказаўся самым высокім з 2016 года — на 9,97%, заўважае Еўрарадыё.

Больш за ўсё за год падаражэлі прадукты: аж на 11,4%. Сярод прадуктаў харчавання ёсць пазіцыя, якая вырасла ў цане больш чым у 2,5 раза. Гэта белакачанная капуста. Дый у цэлым сельгаспрадукцыя ў рэкардсменах па росце цэн у мінулым годзе.

Ёсць у спісе з дзясятак прадуктовых пазіцый, цэны на якія знізіліся. Напрыклад, яблыкі, цукар.

Варта адзначыць, што многія прадукты, за цэнамі на якія сочыць Белстат, адносяцца да сацыяльна значных. Амаль увесь 2021 год дзяржава рэгулявала цэны на іх — усталёўвала "столь" росту ў месяц. Нягледзячы на гэта, большасць пазіцый усё-ткі падаражэла больш значна. Індэкс спажывецкіх цэн для сацыяльна значных тавараў склаў 9,1%.

Інфляцыя для нехарчовых тавараў склала 9,9%. Сярод іх таксама ёсць нямала пазіцый, якія падаражэлі больш чым на 20% за год. А вось таго, што патаннела, зусім мала. Напрыклад, флэш-карткі на 1,72%.

Паслугі падаражэлі менш за ўсё — на 7,6%. Тут значней за ўсё падаражэлі карыстанне ліфтам і квіткі ў цырк.