У красавіку экспарт тавараў з Беларусі ўпаў на 22%, у тым ліку ў ЕС — на 34%
Аб'ёмы знешняга гандлю таварамі ў красавіку рэзка скараціліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, вынікае са свежых звестак Белстата.
Паводле інфармацыі Камітэта, адзначае refom.news, абарот знешняга гандлю таварамі
ў студзені-красавіку скараціўся на 4,4% да 22,77 млрд долараў, у тым ліку
экспарт упаў на 2,6% да 11,17 млрд долараў, а імпарт — на 6,1% да 11,6 млрд
долараў. Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі склаўся ў памеры 426,2 млн долараў,
што ў два разы менш чым у студзені-красавіку 2021 года. Пры гэтым у параўнанні
са студзенем-сакавіком 2022-га ён павялічыўся на 105,6 млн долараў.
Як вынікае з дадзеных Белстата, красавіцкі абарот знешняга
гандлю таварамі склаў 5,07 млрд долараў, што на 24% менш, чым за аналагічны
месяц мінулага года. Экспарт тавараў у красавіку ў гадавым вымярэнні ўпаў на
22% да 2,48 млрд долараў, а імпарт — на 26% да 2,59 млрд долараў. Трэба
адзначыць, што ў параўнанні з сакавіком у красавіку гэтага года аб'ёмы экспарту
і імпарту тавараў практычна не змяніліся. У сакавіку экспарт склаў 2,4 млрд
долараў, а імпарт — 2,58 млрд.
Нагадаем, у сакавіку былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да
экспартных паставак прадукцыі дрэваапрацоўкі, хімічнай прамысловасці, а таксама
ўзмацненне жорсткасці санкцый у дачыненні да асобных беларускіх прадпрыемстваў.
Да гэтага пад абмежаванні ЕС і ЗША патрапілі ўгнаенні і нафтапрадукты, а
таксама іх вытворцы з Беларусі.
Абарот гандлю таварамі з ЕС у красавіку склаў 803,9
млн даляраў, што на 37% менш, чым летась, пры гэтым экспарт упаў на 34% да
498,4 млн долараў, а імпарт — на 41% да 305,5 млн даляраў.
Па выніках чатырох месяцаў гандаль таварамі з ЕС скараціўся
на 20,4% да 3,92 млрд долараў, у тым ліку экспарт — на 15,2% да 2, 45 млрд, а
імпарт — на 27,8% да 1,47 млрд долараў. Прафіцыт знешняга гандлю таварамі склаў
983,5 млн долараў. Ён вырас у параўнанні з мінулым годам.
У студзені-красавіку экспарт у Расію вырас на 14% да 5,4
млрд долараў, а імпарт — на 7,3% да 7,25 млрд долараў. Гандаль таварамі з РФ
быў дэфіцытным: імпарт перавысіў экспарт на 1,84 млрд долараў.
У красавіку абарот гандлю таварамі з РФ склаў 3,2 млрд даляраў, што адпавядае паказчыкам мінулага года. Пры гэтым экспарт вырас на 16% да 1,5 млрд долараў, а імпарт знізіўся на 11% да 1,7 млрд долараў.