У выніку карупцыі сусветная эканоміка кожны год губляе 2,6 трлн долараў

Штогадовы аб'ём хабараў у сусветным маштабе складае адзін трыльён долараў. Карупцыя прыводзіць да таго, што сусветная эканоміка губляе 2,6 трлн долараў. Гэтыя сродкі складаюць больш за пяць адсоткаў глабальнага ВУП.

dollars_2439136_1280.jpg


Гэтыя лічбы прывёў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэррыш. Ён заклікаў зрабіць усё магчымае для спынення хабарніцтва, падману і махлярства, паведамляе Цэнтр навін ААН.
«Карупцыя існуе ва ўсіх краінах — багатых і бедных, на поўначы і на поўдні. Яна з'яўляецца замахам на каштоўнасці і ідэалы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Карупцыя пазбаўляе людзей школ, бальніц, адпужвае інвестараў і вядзе да разбазарвання прыродных рэсурсаў. Яна падрывае вяршэнства права і спрыяе здзяйсненн. іншых злачынстваў...», — заявіў Генеральны сакратар у пасланні з нагоды Міжнароднага дня барацьбы з карупцыяй.
Ён падкрэсліў, што ўхіленне ад выплаты падаткаў, адмыванне грошай і іншыя фінансавыя махінацыі падрываюць намаганні па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця.
«Па дадзеных Сусветнага эканамічнага форуму, штогадовыя страты, звязаныя з карупцыяй, складаюць не менш за 2,6 трлн дол. ЗША, або 5 працэнтаў сусветнага валавога ўнутранага прадукту», — адзначыў кіраўнік ААН. Антоніу Гутэррыш заклікаў аб'яднацца ў барацьбе з карупцыяй і дамагацца вяртання выкрадзеных актываў.