У Беларусі кошты растуць у 2 разы хутчэй, чым у Расіі і Казахстане

У верасні 2014 года ў параўнанні з жніўнем цэны на тавары і паслугі ў краінах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы выраслі на 0,7%, паведамляе Еўразійская эканамічная камісія. Самы высокі ўзровень інфляцыі традыцыйна зафіксаваны ў Беларусі — 1,2%. 



ceny.jpg

Па тэмпах інфляцыі наша краіна апярэдзіла партнёраў па МС у 1,7-2,4 разы. У Расіі тавары і паслугі за месяц падаражэлі на 0,7%, у Казахстане — на 0,5%, піша TUT.BY.

За год (май 2014 года да мая 2013 г.) цэны і тарыфы ў МС і АЭП выраслі на 8,6%. Расія прадэманстравала 8-працэнтны рост коштаў. У Казахстане жыццё падаражэла на 7,6%. У Беларусі інфляцыя разагналася да 20,1%: паслугі павялічыліся ў цане на 34,5%, прадукты харчавання - на 22,9%, нехарчовыя тавары — на 8,3%.

Ва Украіне, якая не ўваходзіць у Мытны саюз, у верасні цэны выраслі на 2,9% у параўнанні з жніўнем і на 16,2% у параўнанні з вераснем мінулага года.

У краінах зоны еўра інфляцыя ў верасні 2014 у параўнанні з вераснем 2013 склала 0,3%. На рост коштаў паўплывала, у асноўным, падаражэнне паслуг (на 1,1%).

Інфляцыя —- гэта працэс агульнага росту коштаў, які прыводзіць да зніжэння пакупніцкай здольнасці намінальнай грашовай адзінкі.