«Вайна банкаў?» «Прыёрбанк» заблакаваў пераводы ў доларах і еўра на рахункі «Альфа-Банка»

Кліенты «Прыёрбанка» сутыкнуліся з забаронай праводзіць плацяжы ў доларах і еўра на рахункі беларускага ЗАТ «Альфа-банк».

priorbank.jpg


«Паведамляем вам, што плацяжы на карысць кліентаў банкаў-нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь з удзелам арганізацый групы “Альфа-Банк” і АКБ “Капиталбанк” (Узбекістан) у доларах ЗША і еўра будуць адпрэчвацца банкам у сувязі з унутранай палітыкай RBI», — такое паведамленне атрымліваюць кліенты «Прыёра» пры спробе здзейсніць перавод на рахунак беларускага ЗАТ «Альфа-банк», піша REFORM.by.

Пад RBI у паведамленні маецца на ўвазе Raiffeisen Bank International. Нагадаем, асноўным бенефіцыярным уласнікам ААТ «Прыёрбанк» з'яўляецца Raiffeisen Landesbanken Holding AG (Аўстрыя) — даччыная кампанія Raiffeisen Bank International AG.

ЗАТ «Альфа-банк» належыць міжнароднаму фінансаваму кансорцыюму «Альфа-Груп». У красавіку расійскі «Альфа-банк» трапіў пад блакавальныя санкцыі ЗША. Раней ЕС уводзіў абмежавальныя меры супраць гэтага банка. Менеджмент беларускай дачкі лічыць, што дадзеныя санкцыі не распаўсюджваюцца на беларускі банк.

«“Альфа” ў Беларусі — гэта асобны бізнес у складзе міжнароднага кансорцыюма. У дачыненні да яго і бізнесу ў Беларусі якіх-небудзь абмежаванняў не ўводзілі. Банк працуе без абмежаванняў: плацяжы па картах Visa і Mastercard даступныя па ўсім свеце, плацяжы ў Apple Pay праходзяць як звычайна» — паведамляла прэс-служба ЗАТ «Альфа-банк» пасля ўвядзення блакавальных санкцый ЗША.