Дзяржбюджэт за студзень-травень стаў поўнасцю дэфіцытны
У студзені-траўні дзяржаўны бюджэт Беларусі быў выкананы з дэфіцытам. Паводле звестак Мінфіна, дэфіцыт бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання за пяць месяцаў склаў 210,9 млн рублёў, а рэспубліканскага бюджэту — крыху больш за 1 млрд рублёў.
![_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg _hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg](/img/v1/images/_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У студзені-красавіку бюджэт сектара дзяржкіравання быў прафіцытным. Даходы перавышалі выдаткі на 1,03 млрд рублёў. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту па выніках чатырох месяцаў складаў 134,9 млн рублёў, нагадвае REFORM.by.
Даходы бюджэту сектара дзяржкіравання ў студзені-траўні склалі 27,26 млрд рублёў, у тым ліку было атрымана 1,5 млрд рублёў падатку на прыбытак, 6,5 млрд ПДВ, 1,67 млрд рублёў акцызаў і 1,18 млрд рублёў даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Паступленні ў ФСАН склалі 8,7 млрд рублёў.
Выдаткі бюджэту сектара дзяржкіравання склалі 27,47 млрд рублёў, у тым ліку на агульнадзяржаўную дзейнасць вылучылі 4,73 млрд рублёў, на эканоміку выдаткавалі 3,14 млрд рублёў, на сацыяльную сферу — 8,72 млрд рублёў. Выдаткі ФСАН склалі 8,4 млрд рублёў.
Мінфін не мяняў прагноз бюджэтнага дэфіцыту па выніках года. Ацэнка гадавога дэфіцыту бюджэту сектара дзяржкіравання складае 4,14 млрд рублёў, а рэспубліканскага бюджэту — 4,29 млрд рублёў.