З Беларусі забаранілі вывозіць грэчку, часнок, цыбулю і іншыя прадукты

Улады прынялі рашэнне ўвесці часовую забарону на вываз з краіны некаторых харчовых тавараў. У іх лік трапілі ў тым ліку грэчка, цыбуля. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна № 185 ад 31 сакавіка.

Фота: Reform.by

Фота: Reform.by

Сярод тавараў, якія часова забаронена вывозіць, — грэчка, цыбуля-сеянка, рэпчатая цыбуля, часнок.
«Устанавіць часовую забарону на вываз за межы Рэспублікі Беларусь тавараў па пераліку згодна з дадаткам па-за залежнасцю ад краіны іх паходжання, у тым ліку пры змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыі і рээкспарту, — гаворыцца ў пастанове. — Указаная часовая забарона таксама распаўсюджваецца на тавары, якія змешчаны пад мытныя працэдуры да ўступлення ў сілу гэтай пастановы і фактычны вываз якіх з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтымі мытнымі працэдурамі ажыццяўляецца пасля ўступлення ў сілу гэтай пастановы».
Пастанова не распаўсюджваецца на вываз тавараў для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі замежным дзяржавам па рашэнні ўрада.
Асноўныя палажэнні пастановы ўступаюць у сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічаюць на працягу трох месяцаў.
У дакуменце адзначаецца, што МЗС павінна ўнесці на разгляд Еўразійскай эканамічнай камісіі прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі — членамі ЕАЭС аналагічных мер.
Нагадаем, 31 сакавіка краіны ЕАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь, дамовіліся, што ўстановяць часовую забарону на вываз з тэрыторыі саюза асобных відаў харчовых тавараў.
Часовую забарону на вываз з краін Еўразійскага эканамічнага саюза ўвядуць на рэпчатую цыбулю, часнок, рэпу, жыта, рыс, грэчку, проса, крупы, муку грубага памолу і гранулы з зерня злакаў, абдзёртае грачанае зерне, гатовыя харчовыя прадукты з грэчкі, драблёныя і недраблёныя соевыя бабы і насенне сланечніка. Іх вываз забараняецца на перыяд да 30 чэрвеня.
Рашэнне Калегіі ЕЭК уступіць у сілу па заканчэнні 10 дзён з даты яго публікацыі на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі.
tut.by