З беларускага ІТ звольнілася на 50% больш спецыялістаў, чым уладкавалася

ІТ-сектар працягвае біць рэкорды па адтоку спецыялістаў. За студзень-красавік 2022 года з ІТ-кампаній звольнілася на 50% больш спецыялістаў, чым працаўладкавалася.

programmer.jpg


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у мінулым месяцы з ІТ-кампаній звольнілася больш за 3 тысячы спецыялістаў (новы рэкорд) — гэта ў 2,2 разы больш, чым у красавіку мінулага года, і на 36% больш, чым сёлета ў сакавіку.

Кампенсаваць адток спецыялістаў за кошт найму новых у кампаній не атрымалася, сітуацыя з працаўладкаваннем стала яшчэ горшай, чым у сакавіку. За красавік ІТ-кампаніі нанялі толькі 938 спецыялістаў — на 46% менш, чым у красавіку мінулага года, і на 33% менш, чым у сакавіку 2022-га.

Упала і агульная лічба працаўладкаваных сёлета ІТ-спецыялістаў у параўнанні з мінулым годам. За студзень-красавік ІТ-кампаніі ўзялі на працу амаль 5,5 тысячы спецыялістаў — на 2% менш, чым за такі ж перыяд мінулага году.

Звольнілася з ІТ-кампаній за студзень-красавік больш за 8 тысяч спецыялістаў — на 62% больш, чым за аналагічны перыяд 2021 года. Пры такіх тэмпах сыходу айцішнікаў з кампаній ужо праз два месяцы звольненых можа аказацца прыкладна столькі, колькі за ўвесь мінулы год, адзначае devby.io. Толькі за сакавік-красавік чысты адток кадраў (розніца паміж прынятымі на працу і звольненымі) перавысіў 3,3 тысячы чалавек.