З канфіскацыяй калінінградскай тэхнікі на мяжы з Беларуссю разбярэцца Мядзведзеў
Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў кіраўніцтву Калінінградскай вобласці разабрацца з выпадкамі канфіскацыі тэхнікі на беларускай мяжы.

Па дадзеных губернатара рэгіёна Мікалая Цуканава, у Беларусі незаконна канфіскавалі апаратуру на агульную суму больш за чатыры мільёны долараў і нават паспелі яе рэалізаваць.
Тлумачэнні, што за пастаўкамі стаялі фірмы-аднадзёнкі, рэгіянальныя ўлады лічаць несапраўднымі, асабліва пасля таго, як правяраючыя органы Беларусі прыязджалі ў вобласць і ім паказвалі непасрэдна вытворчасці, паведамляе ТАСС.
Паводле слоў губернатара, спецыяльныя службы прыязджалі ў вобласць і ўсё правяралі: вытворчасці сапраўды існуюць, і ўсё гэта пацверджана дакументальна. «Іншае пытанне — кампанія па нашым заканадаўстве можа быць зарэгістраваная ў любым месцы (не абавязкова ў Калінінградзе)», — адзначыў ён.
«Мы з гэтым разбярэмся. Не сумнявайцеся: і на палітычным узроўні, і на ўзроўні выканаўцаў», — запэўніў Дзмітрый Мядзведзеў.