Заіка: «Там, дзе схаваныя камуністы знаходзяцца ля стырна, людзі заўсёды жывуць бедна»
Віцэ-прэм'ер, выступаючы ў парламенце, агучыў красамоўныя лічбы пра заробкі ў вёсцы.
Міхаіл Русы заявіў, што ўрад да снежня плануе забяспечыць сельскім жыхарам сярэдні заробак у 700 рублёў. Праўда пакуль, па выніках студзеня-кастрычніка, сярэдні заробак вяскоўцаў складае ўсяго 556 рублёў.
Пры гэтым, паводле слоў чыноўніка, у Беларусі налічваецца каля 120 сельскагаспадарчых арганізацый, супрацоўнікі якіх атрымліваюць заробкі да 400 рублёў. Прычым, абсалютная большасць такіх гаспадарак знаходзяцца ў Віцебскай вобласці.
Чаму жыхары беларускай вёскі знаходзяцца ў бядотным становішчы, нягледзячы на абяцанні ўладаў?
— Нічога дзіўнага ў гэтым няма, — каментуе сітуацыю эканаміст Леанід Заіка. — Віцебская вобласць у нас самая камуністычная — а там, дзе схаваныя камуністы знаходзяцца ля стырна, людзі заўсёды жывуць бедна. Віцебск мог бы быць лепшым у Беларусі, там нармалёвая зямля і ўмовы. Праблема толькі ў кіраванні.
Прыватныя гаспадаркі, якія працуюць на такіх жа ўмовах, паказваюць зусім іншыя вынікі, падкрэслівае эканаміст:
— Фермеры могуць зарабляць і па некалькі тысяч долараў. Вось Аляксандр Рыгоравіч сабраў ўраджай бульбы... Я палічыў, што ў той момант, калі рознічныя цэны былі самымі высокімі, ён мог выручыць амаль 30 тысяч долараў. З сынам на дваіх. Нармалёвая такая прыбаўка да заробка? Нармалёвая. Так што, трэба ўсім браць прыклад з кіраўніка дзяржавы.
Эксперт рэкамендуе віцэ-прэм'еру «не думаць толькі аб заробку».
— Думаць трэба пра тое, што будзе праз 3-4 гады, калі Расія пачне сябе цалкам забяспечваць усімі прадуктамі харчавання. Дзякуючы уведзеным амерыканцамі санкцыямі, расейцы перасталі купляць прадукты ў Еўропе — і цяпер самі пачалі развіваць сваю сельскую гаспадарку.
Там ужо амаль не засталося беларускага малака, толькі сыр часам трапляецца, а ўсё астатняе здзьмула. Заканчваецца эпоха беларускай каўбасы ў Расіі. Вось гэта цэнтральная стратэгічная праблема. А зарплату беларусы самі сабе заробяць, калі прэзідэнты, прэм'ер-міністры і розныя віцэ-прэм'еры не будуць ім перашкаджаць, — перакананы Леанід Заіка.
Паводле gazetaby.com