110 дэпутатаў адкажуць пра смяротнае пакаранне

Малады Фронт звярнуўся да кожнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў з патрабаваннем асабіста  ініцыяваць галасаванне па пытанню ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Сябры арганізацыі хочуць пачуць персанальныя адказы ад “народных абраннікаў і абяцаюць ня толькі іх апублікаваць, але і данесці інфармацыю да выбаршчыкаў.

Малады Фронт звярнуўся да кожнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў з патрабаваннем асабіста  ініцыяваць галасаванне па пытанню ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Сябры арганізацыі хочуць пачуць персанальныя адказы ад “народных абраннікаў і абяцаюць ня толькі іх апублікаваць, але і данесці інфармацыю да выбаршчыкаў.

«Беларусь — апошняя краіна кантыненту, дзе дагэтуль існуе практыка выканання смяротных прысудаў. На нашу думку, сам факт забіцця чалавека дзяржавай даўно не адпавядае паняццю “цывілізаванае грамадства і супярэчыць хрысціянскім традыцыям нашай краіны,» — паведамляецца ў тэксце звароту.

«Да таго ж, у каторы раз звяртаем Вашу ўвагу на вялікую верагоднасць судовай памылкі і відавочную немагчымасць яе выправіць у сітуацыі, калі прысуды выконваюцца ў кароткія тэрміны, без належных і дадатковых праверак, міжнародных экспертызаў. Практыка выканання сведчыць, што айчынная судовая сістэма не пакідае асуджаным шанца разгляду скаргаў у ААН.

Варта казаць і пра адсутнасць у Беларусі незалежнага суда, пракуратуры і міліцыі. Ва ўмовах, калі дадзеныя органы з’яўляюцца фактычна некантралюемымі, цяжка казаць пра любую “законнасць, “справядлівасць ці “мэтазгоднасць смяротных прысудаў.

Нас абурае і тое, што сваякам забітых не паведамляецца дата смерці і месца пахавання, не выдаюцца целы.

Прайшло пятнаццаць год ад моманту, калі грамадзяне краіны выказаліся за існаванне смяротнага пакарання. Магчыма, тады многія звязвалі існаванне гэтай меры з хутчэйшай перамогай злачыннасці. Цяпер сітуацыя змянілася, змяніліся людзі. Па тэлебачанню кажуць, што і злачыннасць даўно перамаглі.

Відавочна, што большая частка актыўных беларусаў, каталіцкі касцёл і праваслаўная царква сёння выступаюць супраць смяротнага пакарання.  Да таго ж і статыстыка  сведчыць, што такі від пакарання не спрыяе змяншэнню колькасці цяжкіх злачынстваў.

Ці будзе далей існаваць смяротнае пакаранне, залежыць ад Вас, як дэпутата Палаты прадстаўнікоў, асабіста — мы патрабуем ініцыяваць галасаванне па пытанню ўвядзення мараторыя.

Вы лічыце сабе абраннікам народа, прадстаўніком ягоных інтарэсаў. Таму, мы б хацелі пачуць абгрунтаваны адказ, чаму вы гатовы альбо не гатовы ўзняць дадзенае пытанне ў Палаце прадстаўнікоў. Натуральна, усе адказы будуць апублікаваны ў Інтэрнэце і мы пастараемся данесці гэтую інфармацыю да Вашых выбарцаў».

Паводле mfront.net