30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў

Сёння ва ўсім свеце ўзгадваюць ахвяраў гвалтоўных знікненняў, нагадвае «Вясна». Беларусам таксама ёсць, каго ўзгадаць з гэтай нагоды.

17923661_101.jpg

Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі больш за 100 дзяржаў. Беларусі сярод іх няма.
Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. У 1999 годзе ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры — былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
Улетку 2000 года бясследна знік аператар расійскага тэлеканала АРТ, былы асабісты аператар Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі. Родным і блізкім дагэтуль нічога невядома пра іх лёс.