4 гады «хатняй хіміі» прызначылі маладой маці за відэа з вайсковай тэхнікай
Вера Філонік, самая «рэпрэсіўная» суддзя Брэста, прысудзіла маладой маці 4 гады «хатняй хіміі» за відэа з вайсковай тэхнікай.
![volha_bujan.jpg volha_bujan.jpg](/img/v1/images/volha_bujan.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе Вольгі Буян, якую абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 арт. 361-4 КК, паведамляюць праваабаронцы.
21 сакавіка Вольга адводзіла дзіця ў садок — па дарозе ўбачыла вайсковую расійскую тэхніку з апазнавальнымі выявамі, зрабіла з ёй відэа і адправіла ў тэлеграм-бот праекта «Беларускі Гаюн».
Асобу жанчыны вызначылі па відэакамерах, якія былі ўсталяваныя на чыгуначным пераездзе.
Судовае пасяджэнне ўзначальвала Вера Філонік — адна з самых «рэпрэсіўных» суддзяў не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, якая вельмі хутка зрабіла сваю кар'еру. Толькі за год, са жніўня 2020-га па кастрычнік 2021-га, суддзя, якой крыху больш за 30 гадоў, вынесла каля 40 «палітычных» прысудаў, жорстка пакараўшы беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю.