5 лістапада ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Станем за журналістыку!»

Яна ладзіцца ўжо пяты год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ).



stand_up.jpg

Міжнародныя арганізацыі заклікаюць сваіх партнёраў і калег у гэтыя дні надаць асаблівую ўвагу барацьбе за правы журналістаў, паляпшэнню ўмоваў іх працы, выступаюць супраць палітычнага і камерцыйнага ціску на прэсу, фізічнага гвалту і г.д. Акцыя «Станем за журналістыку» мае таксама засведчыць ролю журналісцкіх арганізацый у справе павышэння якасці журналістыкі.

На працягу цэлага тыдня журналісты свету ладзяць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія маюць прыцягнуць увагу грамадскасці да сваіх найбольш надзённых праблем.

У еўрапейскім маштабе сёлета найбольш трывожнай лічыцца сітуацыя ў Турцыі, дзе за кратамі ўтрымліваюць каля 60-і журналістаў. Аднак, безумоўна, кожны рэгіён найперш канцэнтруецца на праблеме, важнай менавіта для яго.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў як асацыяваны сябра МФЖ і ЕФЖ далучалася да акцыі на працягу ўсіх гадоў яе існавання. БАЖаўцы праводзілі тэматычныя “круглыя сталы, ладзілі арыгінальныя перформансы ў падтрымку свабоды слова ў Мінску і рэгіёнах, выступалі з заявамі, рыхтавалі тэматычныя слайд-шоў і г.д.

Сённяшняя сітуацыя, на думку арганізацыі, вымагае супольных дзеянняў па двух асноўных накірунках: абарона нашага калегі Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам, і ўратаванне часопіса “Arche-Пачатак, якому пагражае закрыццё.

Але праблем у беларускай журналістыкі, безумоўна, значна больш. І за нас іх ніхто не вырашыць.

Станем за журналістыку разам!

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"