7,5 тысяч долараў — ці дастаткова за пакутлівае жыццё?
Пасля ДТЗ жыццё мінчанкі Тамары Грыневіч, якую збілі на пешаходным пераходзе, моцна змянілася.
4 ліпеня калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду ў складзе Іны Яблакавай (старшыні), Таццяны Жулкоўскай і Наталлі Пыкінай падтрымала рашэнне суду Першамайскага раёна сталіцы ад 5 красавіка 2016 года, які спагнаў на карысць мінчанкі Тамары Грыневіч з палкоўніка ў адстаўцы Сяргей Калганава 15 000 рублёў (150 млн.) у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды і за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў падчас ДТЗ.
Разам з тым, калегія не задаволіла скаргу ваеннага пенсіянера Сяргея Калганава, які прасіў суд знізіць памер матэрыяльнай кампенсацыі да 5 000 рублёў, а таксама адмовіў у сустрэчным іску пацярпелай, якая прасіла павялічыць памер матэрыяльнай кампенсацыі да 90 000 руб.
Вечарам 17 кастрычніка 2011 года Сяргей Калганаў, які кіраваў легкавіком “Рэно Меган”, на пешаходным пераходзе каля вёскі Матарова Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці (28-ы км шашы Мінск–Гомель) збіў Тамару Грыневіч.
Толькі дзякуючы настойлівасці Тамары Грыневіч папярэдняе следства, што доўжылася больш за тры гады, было завершана ў 2015 годзе. У выніку Сяргей Калганаў быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні ДТЗ, і справа была перададзена ў суд. Аднак судовага следства не адбылося, бо палкоўнік у адстаўцы быў амніставаны.
Дарэчы, Сяргей Калганаў меў права не пагаджацца на амністыю і ў судзе даказваць сваю бязвіннасць, аднак не зрабіў гэтага.
Пасля ДТЗ лёс 48-гадовай жанчыны, што цудам выжыла, кардынальна змяніўся. Яна перанесла сем складаных аперацый, цалкам страціла працаздольнасць і атрымала інваліднасць другой групы. Раней Тамара Грыневіч не мела праблем са здароўем, выконвала любую фізічную працу ў сваім прыватным доме без выгодаў, на прысядзібным участку вырошчвала гародніну, актыўна ўдзельнічала ў спартовых і культурніцкіх мерапрыемствах вытворчага аб’яднання “Мінскводаканал”.
Аднак пасля ДТЗ зусім іншым стала жыццё спадарыні Тамары, якой зараз ва ўсім неабходна падтрымка. Без дапамогі іншых жанчына нават не можа сама сябе абслугоўваць і выконваць самыя простыя хатнія справы — яна вельмі кепска бачыць, дрэнна чуе, да таго ж нічога не можа рабіць правай рукой. Пасля ДТЗ жанчына адчувае пастаянны фізічны боль ва ўсім целе. Яна лічыць, што цяжкія цялесныя пашкоджанні пасля здарэння не толькі нашмат скарацілі яе жыццё, але і зрабілі яго вельмі пакутным.
Вось чаму Тамару Грыневіч, пенсія па інваліднасці якой троху вышэй за 250 рублёў (2,5 мільёна рублёў раней), і прасіла суд павялічыць памер матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў шэсць разоў — з 15 да 90 тысяч рублёў.
Такой пазіцыі прытрымліваецца і праваабаронца Тамара Сяргей, якая аказвае Тамара Грыневіч сістэматычную юрыдычную дапамогу.
У каментары НЧ юрыстка адзначыла, што пры разглядзе дадзенай справы суд, у першую чаргу, кіраваўся інтарэсамі не пацярпелай жанчыны, а адказчыка, ваеннага пенсіянера, палкоўніка ў адстаўцы Сяргея Калганава. Правабаронца назвала “смяхотным” памер матэрыяльнай кампенсацыі ў 15 000 руб для віноўніка ДТЗ, якое нашмат скараціла жыццё Тамары Грыневіч і зрабіла астатнія гады яго вельмі пакутлівымі для пацярпелай. Пры гэтым трэба ўлічыць, што Сяргей Калганаў атрымлівае пенсію ў 880 рублёў, якая нашмат пераўзыходзіць сярэдні памер пенсіі па краіне. Апроч таго, мужчына з’яўляецца ўласнікам трохпакаеўкі ў сталіцы і аўтамашыны. Вось чаму суд павінен быў задаволіць іск Тамары Грыневіч, каб хоць часткова кампенсаваць шкоду, нанесеную жанчыне, лічыць Тамара Сяргей.
Аднак, на яе думку, “дзяржава абараніла не таго чалавека, чые правы парушаныя і жыццё разбурана, а свайго чалавека — ваеннага пенсіянера”.