Па справе збітага гея Міхаіла Пішчэўскага пачынаецца новы суд

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбудзецца новы працэс па крымінальнай справе аб збіцці і смерці ад атрыманых траўмаў жыхара Мінска Міхаіла Пішчэўскага.

pishcheuski3_cs79f.jpg

На лаве падсудных зноў апынецца Дзмітрый Лукашэвіч, які ужо быў асуджаны за збіццё і нанясенне траўмаў Пішчэўскаму на 2,8 год калёніі, адбыў з гэтага тэрміну больш за год і выйшаў на волю датэрмінова паводле амністыі.

Міхаіл Пішчэўскі быў геем. Шмат хто ў Беларусі і за межамі краіны мяркуе, што яго гібель была звязаная з ягонай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, але ў 2015 годзе суд не выявіў ў дзеяннях Дзмітрыя Лукашэвіча матываў гамафобіі, а прызнаў яго вінаватым ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці ў выніку злоснага хуліганства.

Цяпер Дзмітрыю Лукашэвічу прад'яўленае абвінавачванне паводле часткі 1 артыкулу 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) і частцы 1 артыкулу 339 (забойства) Крымінальнага кодэксу. Абвінавачваны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Крымінальная справа адноўленая пасля смерці Пішчэўскага ад атрыманых цялесных пашкоджанняў, у сувязі з новымі абставінамі.

25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, у якой праходзіла гей-вечарынка, Міхаіл Пішчэўскі быў моцна збіты. Наведнікаў, якія выходзілі з кавярні, пачалі абражаць маладыя людзі, якія знаходзіліся побач. Здарыўся канфлікт, Лукашэвіч моцна ўдарыў Пішчэўскага, той упаў і ўдарыўся галавой аб бэтон.

Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы, потым дома. З комы так і ня выйшаў і памёр ў кастрычніку 2015 году.

Дзмітрый Лукашэвіч цалкам сплаціў грошы, якія суд прызначыў для сваякоў Пішчэўскага ў якасці кампэнсацыі.

Праваабаронцы не выключаюць, што Дзмітрый Лукашэвіч атрымае новае пакаранне.

Паводле Радыё Свабода