73-гадовую жыхарку Гомеля асудзілі за акцыю, якой не было

Суддзя Сяргей Кармановіч (суд Цэнтральнага раёну Гомеля) на падставе міліцэйскага пратаколу пакараў штрафам 81 рубель 73-гадовую пенсіянерку Еву Раманаўну Быкоўскую. АМАП затрымаў яе 25 кастрычніка ў цэнтры гораду на «акцыі», якой не было.

Ева Быкоўская

Ева Быкоўская


Ева Быкоўская працавала да пенсіі настаўніцай. Акцыі пратэсту 25 кастрычніка ў Гомелі не было — міліцыянты не далі сабрацца людзям, паведамляе Радыё Свабода.

На вачах Евы Раманаўны АМАП схапіў мужчыну. Былая настаўніца зрабіла заўвагу — схапілі і яе. Пенсіянерка распавядала, што амапавец у аўтобусе сказаў сваім калегам: «У яе бацька — паліцай!»

«Мой бацька прайшоў усю вайну і дайшоў да Берліну! Гэты старшы амапавец стаў у мяне над галавой і шалёна крычаў, паводзіў сябе, як звер, калаціў рукамі аб сценку, крычаў: «Сука, бл... колькі ты будзеш хадзіць?! Што табе трэба?!», — распавядала Ева Раманаўна.