750 тон хімікатаў пад адкрытым небам (фота)
Жыхароў аддаленых вёсак Слонімскага раёна Сасноўка і Мізгіры, а таксама вёсак Юндзілы і Кавалі Пружанскага раёна хвалюе складзіраванне 750 тон хімікатаў пад адкрытым небам на складзе ў вёсцы Мізгіры.
Вяскоўцы звярталіся ў розныя інстанцыіі. Людзей хвалюе, што хімікаты наносяць шкоду іх здароўю, а таксама экалогіі. Тым больш, што гэтыя вёскі на Слонімшчыне і Пружаншчыне заўсёды былі экалагічна чыстымі. Недалёка ад гэтых вёсак пачынаецца біялагічны заказнік Ружанскай пушчы.
Наш карэспандэнт у нядзелю, 27 студзеня, пабываў у вёсцы Мізгіры. Сапраўды, жыхары вёсак-суседзяў сказалі, што кожны дзень ад бочак з хімікатамі ідзе непрыемны смярдзючы пах. І дакуль гэтыя бочкі будуць тут знаходзіцца — невядома. Вартаўнік, які ахоўваў бочкі з хімікатамі, сказаў, што да 1 ліпеня павінны ўсе хімікаты вывесці ў Германію. Такую ж інфармацыю на адным са сходаў дала вяскоўцам і дэпутат Сопікава. Але гэта будзе толькі праз паўгода.
Фота аўтара