Брэсцкія абласныя структуры сацыял-дэмакратаў і СПБ падпісалі зварот у падтрымку беларускіх балот, на якіх запланавана торфаздабыча
Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Брэсцкае абласное рэгіянальнае аддзяленне Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) 25 студзеня падпісалі адкрыты зварот у абарону беларускіх балот.
Як раней паведамляў БелаПАН, інтэрнэт-праект у падтрымку беларускіх балот — "Восем балот" (eightwetlands.by) — запусціла экалагічнае таварыства "Зялёная сетка". Мэта праекта — расказаць беларусам пра значэнне балот, звярнуць
увагу на недапушчальнасць іх асушвання. Прадстаўлена восем балот на падахоўных тэрыторыях рознага значэння: Святое, Дакудаўскае, Выганашчанскае, Сядун, Пціч, Жураўлёўскае, Марочна,
Унухальскае-1.
У сувязі з пастановай Саўміна № 794 "Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы падахоўных прыродных тэрыторый" ад 17 чэрвеня 2011 года
гэтыя тэрыторыі могуць быць выкарыстаныя для здабычы торфу. На сайце сабрана інфармацыя прадстаўнікоў Мінпрыроды, навуковых, а таксама незалежных эколагаў і арнітолагаў пра кожную з васьмі тэрыторый.
Таксама размешчаны адкрыты зварот у абарону балот, пад якім эколагі збіраюць подпісы.
Яны, у прыватнасці, настойваюць на адмене пастановы. "Мы выказваем сваю нязгоду з прынятымі рашэннямі і планамі ўрада Беларусі па пазбаўленні статусу часткі падахоўных
тэрыторый у мэтах развіцця тарфяной прамысловасці. Выкарыстанне малапрадуктыўных і закінутых тарфянікаў, раней часткова выпрацаваных і закінутых торфапляцовак, распрацоўка навукаёмістых тэхналогій,
выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі дазволяць спыніць зусім непатрэбнае асушэнне запаведных тэрыторый", — гаворыцца ў звароце.
Як паведаміў БелаПАН старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, партыйцы і актывісты рэгіянальнага аддзялення СПБ лічаць, што рэалізацыя
гэтай пастановы Саўміна пагоршыць экалагічную сітуацыю ў краіне.
"Мы перакананыя — шматукладная рыначная эканоміка будзе сапраўды сацыяльнай, калі яна адначасова будзе і экалагічнай. Праграмай нашай партыі прыняты курс на
экалагічнае абнаўленне. Стратэгіі экалагічнага абнаўлення павінна быць падпарадкавана ўся вытворчая дзейнасць у Беларусі. І мы з прадстаўнікамі грамадскасці будзем дамагацца адмены гэтага рашэння
ўрада", — заявіў палітык.
Ларыса Шыганава, БелаПАН