Абарона Бабарыкі: Прысуд Вярхоўнага Суда нельга абскардзіць

Адвакаты Віктара Бабарыкі звярнуліся ў Вярхоўны Суд з заявай, у якой просяць накіраваць справу для разгляду ў ніжэйшы суд, каб была магчымасць абскардзіць прысуд. Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на адвакатаў экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты.



Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Цяпер справа Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў Вярхоўным Судзе, куды яна была перададзеная з Генеральнай пракуратуры. На гэтай стадыі Вярхоўны Суд павінен вызначыць, у якім судзе будзе слухацца справа.

Пра гэта распавялі Дзмітрый Лаеўскі і Наталля Мацкевіч — адвакаты Віктара Бабарыкі

— Разгляд спраў такой катэгорыі, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, магчымы ў любым з ніжэйшых судоў: як у раённым, так і ў Мінскім гарадскім. Калі ж Вярхоўны Суд па сваёй ініцыятыве прыме крымінальную справу да сваёй вытворчасці, то ў такім выпадку Віктар Бабарыка будзе пазбаўлены права на апеляцыйнае абскарджанне прысуду, паколькі, згодна з КПК, прысуды Вярхоўнага Суда не падлягаюць абскарджанню ў апеляцыйным парадку, — тлумачаць адвакаты.

Каб прадухіліць парушэнне права Віктара Бабарыкі на абскарджанне прысуду, яго абаронцы звярнуліся ў Вярхоўны Суд з заявай, у якой просяць накіраваць справу для разгляду ў ніжэйшы суд.

— Права абвінавачанага абскардзіць прысуд прадугледжана артыкулам 43 КПК. Гэта права — адна з базавых гарантый справядлівага судовага разбору, устаноўлена Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (пункт 5 артыкула 14). Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай — удзельніцай Пакту, і абавязаная добрасумленна выконваць гэты міжнародны дагавор. Такім чынам, выкананне гэтага стандарту справядлівага суда магчыма толькі калі справа Віктара Бабарыкі будзе слухацца па першай інстанцыі ў адным з ніжэйшых судоў. Гэта дазволіць Віктару Бабарыку ў выпадку нязгоды з прысудам абскардзіць яго ў апеляцыйным парадку, — заяўляюць адвакаты.