Абаронцы салігорскага лесапарку зноўку б'юць трывогу

Актывістам салігорскай грамадскай ініцыятывы “Абаронім лес” стала вядома аб намеры мясцовых уладаў знішчыць чарговы кавалак катэгарыйнага лесапарку пад будаўніцтва жылля.



salig_les_liasnaja.jpg

Лесапаркавая зона па вуліцы Лясной

 Гаворка пра зялёную зону па вуліцы Лясной, на месцы якой ужо шмат год чыноўнікі імкнуцца змясціць так званы сацыяльны дом.

У 2010 годзе, падчас перадвыбарчай кампаніі, адваяваць гэтую частку лесу ў нас атрымалася. Тады давераная асоба дзеючага кіраўніка краіны, старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура на сустрэчы з салігорскімі выбаршчыкамі публічна заявіў пра неабходнасць захавання лесапарку, — кажа адзін з абаронцаў салігорскага лесапраку Уладзімір Шыла. — Батура сышоў на пенсію, а мясцовыя чыноўнікі дзеля эканоміі сродкаў пры будаўніцтве жылля зноўку рэанімавалі ідэю па знішчэнні зялёнай зоны па вуліцы Лясной. Рыхтуем зварот з гэтай нагоды ў пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Урэшце, хутка новыя прэзідэнцкія выбары, а значыцца ўладзе, прынамсі на гэты перыяд, будзе складаней ісці супраць волі народу.

Актывісты ініцыятывы “Абаронім лес” адзначаюць, што плануемы да высечкі лес адносіцца да першай катэгорыі, і дазвол на яго высечку мусіць быць атрыманы ў прэзідэнта. Да таго ж гэта тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону з-за наяўнасці каля яе трох свідравін, з якіх у Салігорск падаецца пітная вада.

Абаронцы лесу нагадваюць, што нават на генплане развіцця горада гэта зона з’яўляецца рэзервовай, а будаўніцтва мусіць весціся на велізарным полі ў напрамку вёсцы Краснадворцы.

spring96.org