Ад пацешак да страваў: 10 карысных старонак «ВКонтакте» для беларусаў
Не так даўно мы пісалі пра вартыя каналы ў Telegram. А зараз разгледзім публічныя старонкі і суполкі «ВКонтакте».
Некаторыя актыўна ігнаруюць гэту сацыяльную сетку, маўляў, там сядзяць толькі школьнікі ды ФСБшнікі. Але гэта не так. «ВК» — цудоўная платформа для стварэння карыстальніцкага кантэнту без ніякіх выдаткаў. Тут існуе звыш сотні актыўных праектаў, якія пашыраюць свядомасць кожнага беларуса.
Калі ласка
Гэта, фактычна, адзін з нешматлікіх беларускамоўных агрэгатараў з інтэлектуальным аўтарскім дадаткам. Тут можна чытаць навіны, знайсці цікавыя відэа, гістарычныя ілюстрацыі і фотаздымкі. Займальны і гульнявы кантэнт у форме апытанак і загадак. Уся тэматыка тычыцца культурна-асветніцкіх падзеяў і фактаў.
Пацешкі
Пачуццё гумару заўсёды каштоўнае ў людзях, але далёка не кожны беларус ведае сапраўдныя народныя жарты і іх беларускія эквіваленты. Праз гэта раім падпісацца на «Пацешкі». Тут штодзень выходзяць разнастайныя мемы, эдвайсы, коміксы выключна на роднай мове. Далёка не ўвесь кантэнт узроўню школьнікаў, можна нарыпаць інтэлектуальныя ўсмешкі, зробленыя на беларускі лад.
Дапамога па беларускай мове
Ваду для гарбаты кіпяцяць у імбрыку, чайніку ці ўвогуле гарбатніку? Ці сапраўды любоў мацней за каханне? Чым досвед адрозніваецца да вопыту? Усе адказы можна атрымаць на гэтай даволі сур’ёзнай публічнай старонцы. Яна спатрэбіцца не толькі аматарам беларускай мовы, але і ўсім тым, хто на ёй штодзень размаўляе, вучыцца і працуе. Старонку вядуць прафесійныя мовазнаўцы і заўсёды максімальна слушна даюць адказы на любыя пытанні па гісторыю мовы, ужыванню словаў і фразаў, граматыцы, арфаэпіі і арфаграфіі. За існаванне старонкі было адказана на звыш за тысячу пытанняў і прапаноў.
Мая краіна Беларусь
Гэтая старонка — цэлая народная «энцыклапедыя» беларускасці. За час існавання «МКБ» тут выйшла некалькі дзясяткаў тысяч патрыятычных пастоў па тэмах культуры, гісторыі, мовы, «каляпалітыкі» і соцыуму. Кожны аматар беларушчыны знойдзе нешта сваё: аналітычныя матэрыялы, цікавыя і аператыўныя навіны, рэтраспектыўныя фотаздымкі ды простыя і смешныя карцінкі.
Чай з малінавым варэннем
Часта кажуць, што ў Беларусі нічога не адбываецца і гэта проста «востраў стабільнасці». Але рэдактары «Чая з Малінавым варэннем» не зусім з гэтым выразам згодныя. Аўтары шукаць навіны, якія будуць цікавыя беларусам і замежным падпісантам. Іх яны і публікуюць — са сваім фірмовым гумарам: смешнымі, часам нават абсурднымі і трэшавымі загалоўкамі і візуаламі. Спачатку будзеце смяяцца, а потым захочацца і паплакаць.
Беларуская музыка
«ВКонкате» — добрая платформа для развіцця музыкі і прасоўвання музычных адкрыццяў. Некаторыя карыстальнікі сацсеткі толькі і «сядзяць» тут дзеля праслухоўвання ўсё яшчэ бясплатных трэкаў. А з дапамогай музычных падборак гэтай старонкі вы можаце больш падрабязна пазнаёміцца з нашым андэграўндам і даведацца пра канцэрты беларускіх выступоўцаў.
Спажывай па-беларуску
Дзе знайсці тавары і паслугі па-беларуску? Як абараніць свае правы, калі вам нахамілі за зварот на мове ці ўвогуле не зразумелі? На гэтыя пытанні можна атрымаць адказы на старонцы-агрэгатары «Спажывай па-беларуску». Тут змяшчаюць інфармацыю ад праваабаронцаў, у тым ліку Ігара Случака, і распавядаюць пра беларускаарыентаваны бізнес.
Арт Сядзіба
Культурніцкая пляцоўка існуе не толькі як месца для рэалізацыі цікавых творчых ідэяў, але і для іх папулярызацыі анлайн. На старонцы праекту «ВКонтакте» кожны дзень выходзяць займальныя анонсы падзеяў: канцэрты, імпрэзы, выставы, спектаклі, якія будуць цікавы свядомым беларусам. Таксама кожны тыдзень тут робіцца стрым-інтэрв’ю з вядомымі дзеячамі.
Кулінарыя па-беларуску
Калі любіце гатаваць, дык гэта дакладна старонка для вас. Звыш за тысячу рэцэптаў з айчыннай ды замежный кухні: халаднік па-мінску, грыбныя катлеты, шакаладны эг-ног — усё гэта не так цяжка прыгатаваць, асабліва з дапамогай старонкі. Апроч парадаў па гатоўцы тут змешчаныя цікавыя факты і загадкі на кулінарную тэму. І, канешне, усё па-беларуску!
Новы Час
Актуальныя навіны, аператыўныя рэпартажы, згадкі мінулага з артыкуламі лепшых гісторыкаў-журналістаў, добры эканамічны і міжнародны агляд, размовы з вартымі асобамі, фотаздымкі з буйных падзеяў — усё гэта і выключна па-беларуску вы знойдзеце на нашай старонцы «ВКонтакте». Далучайцеся!