«Адчувае сябе здавальняюча». Адвакат распавёў, як Уладзімір Мацкевіч трымае галадоўку

У панядзелак, 7 лютага, адвакат наведаў філосафа Уладзіміра Мацкевіча ў СІЗА, і перадаў на волю падрабязнасці галадоўкі палітвязня.

mackevich_5.jpg

Паводле інфармацыі адваката, пасля мінулых чатырох дзён галадоўкі Уладзімір Мацкевіч «у цэлым адчувае сябе здавальняюча» і знаходзіцца «ў роўным настроі», бо падрыхтаваў сябе і маральна і фізічна да гэтага выпрабавання. Адміністрацыя СІЗА ставіцца да факту галадоўкі карэктна і ў рамках стандартных нормаў і працэдур: зафіксавала факт галадоўкі, Уладзіміра наведвалі дзяжурны лекар і псіхолаг следчага ізалятара.

Уладзімір Мацкевіч таксама паведаміў, што галадоўка будзе працягвацца пакуль не адбудуцца «канкрэтныя дзеянні, штосьці сапраўды зменяць у яго справе», а не толькі «пустыя словы і абяцанні». Такім дзеяннямі можа быць рашэнне аб змене меры стрымання.

Таксама Уладзімір Мацкевіч перадае падзяку за ўсе дзеянні і выказванні ў яго падтрымку. Ён заўсёды быў упэўнены ў сваіх сябрах і блізкіх духам людзях.

Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года. Ужо паўгода ён знаходзіцца пад арыштам па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Як паведамлялася раней, за ўвесь гэты час, за выключэннем фармальнага прад'яўлення абвінавачання і нязначных фармальных следчых дзеянняў, ніякага руху ў разглядзе справы Уладзіміра Мацкевіча, па сутнасці, не адбывалася, у тым ліку не было прад'яўлена ніякіх фактаў, якія абгрунтоўваюць абвінавачанне. Рэальнай прычынай зняволення паплечнікі палітвязня лічаць публічныя выказванні Уладзіміра Мацкевіча пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне.

Філосаф адмовіўся ад ежы з 4 лютага і плануе галадаць да выканання патрабаванняў. Плануецца, што першыя дзесяць дзён гэта будзе галадоўка на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён ён пяройдзе да сухой галадоўкі.