«Годна» адкрыла перадзамову на дзіцячую кнігу «Неверагодны свет». Праект падтрымае сям'ю Паўла Белавуса

«Для нас гэта свята, бо цяпер у беларусаў з'явілася +1 магчымасць пазнаёміць дзетак з нашым неверагодным беларускім светам праз цікавыя загадкі і чароўныя ілюстрацыі», — адзначаюць удзельнікі праекта.

1_528.png

Грамадская ініцыятыва «Годна» адкрыла перадзамову на дзіцячую кнігу «Неверагодны свет». Ілюстраванае выданне — гэта 180 унікальных загадак-рыфмаванак і добрыя малюнкі, што дапамогуць маленькім беларусам пазнаёміцца з беларускім жывёльным і раслінным светам. 

Аўтарам вершаваных загадак выступіў вядомы беларускі блюзавы музыкант і паэт Юрый Несцярэнка. Складальнікі кнігі зрабілі прадукт арыентаваным на сучасных беларускіх дзетак. Простую зразумелую мову тэкстаў дапаўняюць стылёвыя ілюстрацыі. Мастак праекта імкнуўся выяўляць «герояў» кнігі так, каб зацікавіць маленькіх чытачоў і дапамагчы ім арыентавацца ў жывой прыродзе роднага краю.

Аўтары падкрэсліваюць, што ідэйным натхняльнікам кнігі з’яўляецца Павел Белавус — заснавальнікі крамы «Symbal.by» і палітвязень, які знаходзіцца ў няволі.

Кніга выходзіць невялікім накладам і ўжо даступная для перадзамовы па спасылцы.

Кошт па перадзамове — 15 рублёў. Далей кошт будзе павышацца і ў выніку складзе 20 рублёў за асобнік.

Робячы перадзамову цяпер, вы падтрымліваеце выданне кнігі. Першы тыраж будзе выдадзены за сродкі, якія кампанія атрымае з перадзамовы.

Грошы з продажу кнігі пойдзуць на падтрымку сям’і Паўла Белавуса.

2_487.png

Грамадская кампанія «Годна» прысвечана прасоўванню сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці на глебе агульных стваральных каштоўнасцей. Удзельнікі кампаніі распрацоўваюць і запускаюць культурніцкія праекты ў новых фарматах.

3_436.png

Юры Несцярэнка — беларускі пісьменнік і музыкант. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. Скончыў Мінскі інстытут культуры. Стваральнік музычных гуртоў «White Night Blues» («Блюз Белай Ночы») і «Nіestary Band». Удзельнік шматлікіх міжнародных фестываляў, аўтар сольных альбомаў. Як празаік, публіцыст і перакладчык друкаваўся ў выданнях «Маладосць», «Дзеяслоў», «Тэрмапілы», «Бярозка», «Літаратурная Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Верасень», як аглядальнік і музычны крытык — у газетах «Няміга», «Музыкальная газета», часопісе «Jazz-квадрат» і шмат інш. Празаічныя творы змешчаны ў альманаху «Брама», зборніку «Літаратурнае прадмесце». Аўтар кніг «Звычайны шоу-бізнес» (Мінск, «Кнігазбор 2015»), «Маё мястэчка ў часе і прасторы» (Мінск, выдавецтва «Колас», 2015). Жыве ў Бялынічах.