«Адна ваша доза донарскай крыві можа выратаваць як мінімум тры жыцці»
14 чэрвеня — Сусветны дзень донара крыві. Былы палітвязень Алег Барадзін, які цяпер жыве ў Ізраілі і лічыць сябе прафесійным донарам, распавёў «Новаму Часу», чаму донарства крыві — важная і годная справа, а таксама параўнаў досвед донарства ў Беларусі і Ізраілі.
«У мяне 10 кроваздачаў (Беларусь і Ізраіль). Так што я магу сябе лічыць прафесійным донарам», — кажа Алег Барадзін.
Мужчына мае другую групу крыві з адмоўным рэзусам. Ён адзначае, што мінусавыя рэзусы досыць рэдкія, таму такая кроў заўсёды неабходна, выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні і ніколі не перапрацоўваецца на плазму. «Па статыстыцы маім рэзусам (A(II) Rh -) валодае 4% чалавецтва».
«У Ізраілі сутачная неабходнасць спажывання донарскай крыві для выратавання жыццяў хворых і параненых складае каля 1 000 порцый у дзень. У Беларусі не менш за 1050 порцый (380.000 порцый у год).
Донарская кроў прыдатная на працягу 35 дзён, таму доўгатэрміновы запас стварыць немагчыма і неабходны рэгулярны збор донарскай крыві на працягу ўсяго года. Аналага чалавечай крыві таксама яшчэ не распрацавалі, таму толькі мы — донары з'яўляемся адзінай крыніцай крыві ў выпадку неабходнасці зрабіць чалавеку пераліванне крыві.
Толькі здача донарскай крыві зможа выратаваць жыцці людзей, якім патрабуецца пераліванне крыві. Адна ваша доза донарскай крыві можа выратаваць як мінімум тры жыцці», — кажа спадар Алег.
Досвед донарства ў Беларусі і Ізраілі
У Беларусі Алег Барадзін здаваў кроў выключна па просьбе супрацоўнікаў станцыі пераліванні крыві, каб папоўніць адсутныя запасы рэдкага рэзусу.
А першую порцыю крыві ў Ізраілі былы палітвязень здаў на пачатку вайны, пасля 7 кастрычніка 2023 года, калі служба крыві Маген Давід Адам (МАДА) звярнулася да грамадзян з просьбай здаць кроў параненым салдатам Арміі абароны Ізраіля і пацярпелым грамадзянскім з прыфрантавых раёнаў.
«Каля пунктаў здачы крыві былі шматметровыя чэргі, даводзілася чакаць больш за тры гадзіны сваёй здачы. З таго часу маі здачы крыві сталі рэгулярнымі. Адзіны нюанс — у Беларусі кроў дазволена здаваць раз на два месяцы, у Ізраілі — раз на тры», — распавядае Алег.
Суразмоўца кажа, што ў Беларусі донар мае значна больш пераваг — статус ганаровага донара з пакетам ільгот, платныя здачы крыві, падвышаная пенсія на 40%, ільготы на праезд у грамадскім транспарце, медыцынскае абслугоўванне па-за чаргой і гэтак далей.
«У Ізраілі донарства — гэта чысты альтруізм. Донар не мае ніякіх ільгот і я думаю гэта правільна, бо для падвышэння ўзроўня бяспекі і якасці донарскай крыві вельмі важна, каб збор крыві праводзіўся добраахвотна і без якіх-небудзь грашовых узнагарод, — лічыць Алег Барадзін.
— Максімум, што мае донар у Ізраілі — гэта сертыфікат донара крыві і гематалагічную страхоўку службы крыві МАДА, якая гарантуе забеспячэнне запатрабаванняў донараў, чальцоў іх сем'яў і іх блізкіх сваякоў (бацькі, браты і сёстры) у донарскай крыві на працягу аднаго года. У маім выпадку, як патэнцыйнаму пацыенту з рэдкім рэзусам крыві, гэта ідэальны варыянт, бо страхоўка гарантуе мне і маёй сям'і экстранае пераліванне крыві са стратэгічных запасаў МАДА дозы замарожанай крыві рэдкіх падгруп.
Донарства — гэта бяспечна?
Як у Беларусі, так і ў Ізраілі донарам крыві можа быць любы фізічна здаровы чалавек, ад 18 да 65 гадоў, які адпавядае крытэрам, устаноўленымі нацыянальнымі Міністэрствамі аховы здароўя, на аснове правіл, рэкамендацый і інструкцый камітэтаў трансфузійнай тэрапіі, а таксама кіраўніцтвах FDA і еўрапейскіх кантрольных органаў.
«Не варта хвалявацца — збор донарскай крыві выконваецца кваліфікаванымі заборшчыкамі крыві, а абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для збору крыві, аднаразовае і стэрыльнае.
Рызыка атрымання небяспечнага захворвання пры здачы крыві нулявая.
Пры пераліванні донарскай крыві так, ёсць мінімальная верагоднасць атрымаць вірусны гепатыт і ВІЧ, бо гэтыя хваробы вельмі складана выявіць у крыві заражонага донара ў інкубацыйным перыядзе. Апошнія 15 гадоў усе дозы крыві праходзяць праз жорсткі кантроль і скрынінг з выкарыстаннем інавацыйнага малекулярнага метаду (NAT), які значна павялічвае ўзровень бяспекі пры выкарыстанні донарскай крыві. Так што як здача, так і пераліванне донарскай крыві — бяспечныя», — кажа суразмоўца.
У Беларусі кроў здаюць выключна ў стацыянарных пунктах. У Ізраілі, акрамя стацыянарных памяшканняў клінік і бальніц, часта выкарыстоўваюць перасоўныя станцыі крыві службы МАДА. У Ізраілі вялікі працэнт крыві выкарыстоўваецца зараз у ваенны час для аказання дапамогі падраздзяленням Арміі абароны Ізраіля.
Правілы здачы крыві простыя: за суткі да здачы неабходна ўстрымацца ад алкаголю, тлушчай ежы і лекаў (антыбіётыкаў); забаронена здаваць донарскую кроў людзям, якія маюць цукровы дыябет, лейкемію, лімфому, якія перанеслі гепатыт В і С, СНІД і яшчэ шэраг вірусных захворванняў.
Ці карысна донарства?
Суразмоўца кажа, што баяцца страты крыві не трэба.
— Вы ведаеце, існуе навукова пацверджаны факт, што для здаровага чалавека донарства крыві карысна. Гэта своеасаблівае ўзварушэнне арганізма праз рэзкую страту крыві. Жанчынам у гэтым плане прасцей — яны і так фізіялагічна губляюць частку крыві раз на месяц. Мужчынскі арганізм у гэтым плане не адаптаваны ўвогуле і страта адносна невялікага аб'ёму крыві можа быць небяспечнай. Праверана ў баявых умовах — калі паранены салдат з'яўляўся рэгулярным донарам, то яго арганізм быў натрэніраваны кроваздачамі, і страта крыві ў экстраных сітуацыях для яго была не такой небяспечнай. Страта крыві прымушае усе сістэмы арганізма функцыянаваць у экстрэмальных умовах, скіраваных на кампенсацыю кровастраты, — распавядае Алег.
— Я вам скажу больш — пасля здачы крыві паляпшаецца настрой і з'яўляецца нейкая бадзёрасць. А ўсё таму што пры кровастраце, а па факце — стрэсе, наш мозг вылучае эндарфіны (гармоны шчасця і добрага настрою). Напрыканцы скажу, што донарства крыві — вельмі важна. І ў гэты дзень я быў бы рады, калі кожны з нас зробіць свой унёсак у справу выратавання жыццяў і далучыцца да нацыянальных праектаў «Донараў крыві» ў сваіх краінах.