Магілёў: да журналіста Уладзіміра Лапцэвіча завітаў участковы

Раніцай 6 мая да незалежнага журналіста з Магілёва Уладзіміра Лапцэвіча завітаў участковы інспектар Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва маёр Казакоў. Супрацоўнік міліцыі хацеў высветліць у журналіста, якое дачыненне ён мае да інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” і якім чынам на сайце з’явіліся артыкулы за яго подпісам.  



2015_04_10_lapcevich_baj.jpg

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, раней Уладзімір Казакоў спрабаваў па тэлефоне выклікаць яго на гутарку ў міліцыю, аднак журналіст патлумачыў супрацоўніку міліцыі, што ён наведае гэтую ўстанову толькі пасля атрымання аформленай згодна закона і ўручанай яму асабіста адпаведнай позвы. Пасля гэтага супрацоўнік міліцыі паведаміў Лапцэвічу, што ён наведае яго асабіста ў зручны для журналіста час.

Падчас гутаркі з журналістам  маёрам Казаковым быў складзены пратакол апытання, у якім участковы пазначыў, што Уладзімір Лапцэвіч адмовіўся даваць сведчанні на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Па словах журналіста, супрацоўнік міліцыі прадэманстраваў яму раздрукоўкі некалькіх артыкулаў, раней размешчаных на сайце “Наш Магілёў” за яго подпісам, а таксама раздрукоўку перапіскі ў скайпе паміж Уладзімірам Лапцэвічам і Ігарам Барысавым. Маёр Казакоў спрабаваў даведацца, як ім чынам журналіст размяшчаў артыкулы на сайце “Наш Магілёў” і як ён кантактаваў з Ігарам Барысавым. Лапцэвіч патлумачыў участковаму інспектару, што ён як журналіст мае права размяшчаць свае публікацыі на розных рэсурсах, і адмовіўся ў адпаведнасці з артыкулам 27 Канстытуцыі РБ даваць іншыя паказанні.

Журналіст кажа, што маёр Казакоў так і не здолеў яму патлумачыць, за парушэнне менавіта якога артыкула КК ці КаАП праводзіцца праверка ў дачыненні да Ігара Барысава. Падчас неафіцыйнай гутаркі супрацоўнік міліцыі сказаў Лапцэвічу, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп) у дачыненні да Ігара Барысава адмоўлена, аднак супраць яго ініцыявана адміністрацыйная справа за парушэнне Закона аб СМІ. Участковы інспектар не змог (ці не захацеў) адказаць на пытанне, за парушэнне менавіта якога артыкула гэтага закона распачата адміністрацыйная справа.

Уладзімір Лапцэвіч адзначае, што гутарка з маёрам Казаковым прайшла ў карэктнай форме.

Нагадаем, што раніцай 12 сакавіка на кватэру рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава завіталі супрацоўнікі міліцыі. Яны прад’явілі пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп). Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што Ігар Барысаў падазраецца ў паклёпе на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова ў артыкуле на сайце “Наш Магілёў”.

Пасля сканчэння агляду міліцыянты забралі з кватэры для экспертызы тры камп’ютары, мадэм і нататнікі.

У той жа дзень “агляд” быў праведзены на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Там забралі тры камп’ютары і мадэм. “Агляд” праводзілі тыя ж самыя супрацоўнікі міліцыі, што і ў кватэры Ігара Барысава.

baj.by