Акцябрскі: актывіст задаў пытанне ідэолагу і атрымаў за гэта праз суд штраф

Суд Акцябрскага раёна аштрафаваў мясцовага актывіста, адміністратара суполкі «Рудабельская паказуха» Андрэя Павука на 2,1 мільёна рублёў (10 базавых велічынь) па абвінавчанні ў парушэнні артыкула 9.2 КаАП (паклёп).

195a2ff4_6777_4ae2_8707_4b0391e7be02_w610_r1_s.jpg


Гаворка ідзе пра віртуальны канфлікт адміністратара папулярнай у Акцябрскім суполкі ў сацыяльнай сетцы і мясцовага ідэолага — намесніка начальніка аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Сяргея Зарычнага. 

Суполка «Рудабельская паказуха» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» налічвае больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Карыстальнікі інтэрнэту актыўна абмяркоўваюць там мясцовыя навіны, выкладаюць здымкі, відэа і тэксты, якія разыходзяцца з «афіцыйнай лініяй партыі» — выкрываюць шэраг сацыяльных і эканамічных праблем у рэгіёне. Наведваў суполку і ідэолаг Сяргей Зарычны.
«Ён часта пакідаў каментары, абвінавачваў нас, адміністратараў суполкі ў прадузятасці, неаб'ектыўнасці. І неяк людзі папрасілі мяне спытацца ў ідэолага – ці праўда, што ён раней працаваў у Савеце дэпутатаў, і пазбавіўся пасады там за нейкія парушэнні? Што я і напісаў – як пытанне. Толькі праблема, што не паставіў пытальнік, і выйшла, нібыта я гэта сцвярджаў, маўляў, раскажыце, як вы пагарэлі на «мёртвых дэпутацкіх душах» у райсавеце, цынічны-тыповы карупцыянер. Ён звярнуўся ў суд», - распавёў Андрэй Павук.

Актывіст у судзе выбачаўся перад ідэолагам, але той не захацеў прыняць выбачэнні і патрабаваў пакараць жыхара райцэнтра. У выніку за «паклёп» адміністратар суполкі атрымаў штраф.

Гэта не адзіныя праблемы, якія ўзніклі ў Андрэя Павука ў Акцябрскім з-за яго актыўнай грамадзянскай дзейнасці. Так, нейкія ананімы сфатаграфавалі яго аўтамабіль, прыпаркаваны не па правілах, і выклалі здымак у інтэрнэт. Тут жа здымкам зацікавілася ДАІ, і пакарала актывіста штрафам. Потым – больш. Уладальнік памяшкання, дзе актывіст арэндаваў пакой для фотастудыі, пазбавіў яго права арэнды, абвінаваціўшы ў немэтавым выкарыстанні памяшкання. І зараз Андрэй Павук знайшоў новае памяшканне, але літаральна на наступны дзень яго на новым месцы прыехала правяраць «мабільная група райвыканкаму». Потым выклікалі ў аддзел эканомікі райвыканкаму, дзе сказалі, нібыта нейкі чалавек напісаў на яго заяву. Ананім прыйшоў сфатаграфавацца, маўляў, а Андрэя Павука – уласніка фотастудыі, не было на месцы.
«Але заяву – неведама ад каго, і ці ёсць яна наогул у прыродзе мне ў выканкаме адмовіліся паказаць», - заўважыў суразмоўца.

Ён лічыць, што мясцовыя ўлады помсцяць яму за актыўную дзейнасць, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі ўплыву, магчымасці пераследу і пакарання.

Паводле spring96.org